Суд за Плошчу над Святаславам Барановічам (абноўлена)
У судзе Маскоўскага раёна Менска працягваецца працэс па абвінавачанні Святаслава Барановіча ва ўдзеле ў “масавых беспарадках”. Абвінавачаны зараз знаходзіцца пад падпіскай аб нявыяздзе.
Сваю віну Святаслаў Барановіч прызнаў часткова: адзначыў, што ён наносіў удары па міліцэйскіх шчытах. Апроч абвінавачанага былі дапытаныя 10 супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія праходзяць па справе ў якасці пацярпелых.
Усе пацярпелыя заявілі, што не памятаюць Святаслава Барановіча, прэтэнзіяў да яго ня маюць.
Суддзя абвесціла перапынак у паседжанні да 10 гадзінаў раніцы 12 кастрычніка, каб выклікаць на паседжанне ўсіх сведкаў.
Судовы працэс распачаўся 29 жніўня на чале з суддзёй Аленай Рудніцкай, з боку абвінавачання – пракурор Серакоў. Па справе праходзяць 30 пацярпелых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, але толькі 12 з іх з’явіліся на першае паседжанне. У выніку суддзя перанесла працэс на 28 верасня, задаволіўшы хадайніцтва адваката пра змену меры стрымання на падпіску аб нявыездзе.
Святаслаў Барановіч з 15 чэрвеня ўтрымліваўся пад вартай у СІЗА № 1 на Валадарскага. Яму прад’яўлена абвінавачанне па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса – “удзел у масавых беспарадках”, што караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.