viasna on patreon

Сустрэча АБСЕ па чалавечым вымярэнні пачалася з рэзкай крытыкі Беларусі

2011 2011-09-28T11:55:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/abse.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У  Варшаве з 26 верасня распачалася штогадовая сустрэча АБСЕ па чалавечым вымярэнні, якая працягнецца да 7 кастрычніка. На адкрыцці сустрэчы выступілі Івалдас Ігнатавічус, віцэ-міністр замежных справаў Літвы, краіны, старшынюючай у АБСЕ, і Гражына Марыя Бернатовіч, намесніца міністра замежных справаў Польшчы, прадстаўніца краіны, старшынюючай у ЕС, а таксама вышэйшыя службовыя асобы АБСЕ. У іх выступах прагучала жорсткая крытыка сітуацыі з правамі чалавека, якая склалася ў Беларусі, асабліва пасля падзеяў 19 снежня 2010 года. 

У якасці ганаровага госця сесіі выступіла Генеральны сакратар Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Хаджыя Шэрыф (Khadija Cherif) – адна з вядомейшых туніскіх праваабаронцаў, якой давялося зведаць рэпрэсіі рэжыма Бен Али, заснавальніца руху туніскіх жанчынаў-дэмакратак і сябра Туніскай Лігі правоў чалавека. Падчас сваёй прамовы яна адзначыла ролю грамадзянскай супольнасці ўсіх краінаў як адзіную гарантыю стабільнасці. Сп. Шэрыф асобна спынілася на сітуацыі з віцэ-прэзідэнтам Федэрацыі Алесем Бяляцкім і заклікала да яго неадкладнага вызвалення. У гэты момант у залі ўсталі некалькі дзесяткаў праваабаронцаў з розных краінаў постсавецкай прасторы ў майках з выявай Алеся Бяляцкага. Маўклівая акцыя салідарнасці з беларускім праваабаронцам выклікала вялікі рэзананс на адкрыцці сесіі АБСЕ.

27 верасня намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч выступіў на пленарным паседжанні па пытаннях свабоды асацыяцыяў. Ён у чарговы раз заклікаў беларускія ўлады да неадкладнага вызвалення палітвязняў, а АБСЕ - да пастаяннага кантролю за сітуацыяй з праваабаронцамі ў рэгіёне АБСЕ.  

28 верасня FIDH, Нарвежскі Хельсінкскі камітэт, Сусветная арганізацыя супраць катаваняў, Фундацыя дамоў правоў чалавека, Польская Хельсінкская фундацыя за правы чалавека, Human Rights Watch, Amnesty International, Front Line і Праваабарончы цэнтр “Вясна правядуць side ivent, прысвечаны сітуацыі ў Беларусі пасля падзеяў 19 снежня 2010 года, а таксама справе Алеся Бяляцкага.

Чалавечае вымярэнне ("дэмакратыя, вяршэнства закона, правы чалавека") - адзін з трох напрамкаў, па якіх вядзецца праца АБСЕ (першыя два - бяспека і эканоміка). За час свайго існавання, з 1975-га года, АБСЕ прыняла некалькі дзесяткаў дакументаў, якія вызначаюць прынцыпы і стандарты чалавечага вымярэння, у прыватнасці фундаментальныя дакументы Маскоўскай і Капенгагенскай нарадаў АБСЕ.
У гэтых дакументах і распрацаваных на іх падставе кіруючых прынцыпах, методыках і правілах выкладзены асноўныя канцэпцыі, вызначэнні, сутнасць, змест таго, што АБСЕ разумее пад чалавечым вымярэннем, пад дэмакратыяй, пад вяршэнства закона, пад захаваннем правоў чалавека.
Прычым, прымаючы пад увагу, што парадак прыняцця рашэнняў у АБСЕ - кансэнсусны (г.зн. неабходна, каб за рашэнне прагаласавалі ўсе дзяржавы), варта меркаваць, што ўсе краіны-сябры АБСЕ згодны з палажэннямі ўсіх дакументаў АБСЕ, у тым ліку тых, якія замацоўваюць стандарты чалавечага вымярэння. І што ўсе дзяржавы-сябры АБСЕ маюць палітычныя абавязальніцтвы паводле ўзгодненых імі дакументаў у галіне чалавечага вымярэння. Сяброўства ў АБСЕ і прыняцце гэтых дакументаў з усёй відавочнасцю гэта прадугледжвае.

Маўклівая акцыя салідарнасці з Алесем Бяляцкім на адкрыцці сустрэчы АБСЕ па чалавечым вымярэнні-2011
Генеральны сакратар FIDH Хаджыя Шэрыф – адна з вядомейшых туніскіх праваабаронцаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства