Маладэчна: Затрыманне падчас “Дажынак”
У суботу 1 кастрычніка ў Маладэчне на чыгуначным вакзале быў затрыманы магілёўскі апазіцыйны актывіст Сяржук Гіркін. Каля гадзіны хлопец правёў у аддзяленні транспартнай міліцыі. Павышаная ўвага з боку праваахоўных органаў была звязана з правядзеннем у Маладэчне культурна-масавага мерапрыемства – “Дажынак”.
Сяржук ехаў са Смаргоні, ад свайго сябра Уладзя Шульжыцкага дадому ў Магілёў. У Маладэчне ён мусіў зрабіць перасадку на электрычку. Па словах Сержука, міліцыя адмыслова чакала яго на пероне. Хлопца спынілі быццам для праверкі дакументаў, агледзелі заплечнік, а потым адвялі ў аддзяленне міліцыі. Прычынаў затрымання міліцыянты не тлумачылі, толькі пагражалі, што павязуць на даследаванне да нарколага, калі затрыманы будзе задаваць шмат пытанняў. У аддзяленні міліцыянты доўгі час спрабавалі на кампутары адчыніць нейкую базу, што не атрымоўвалася з-за тэхнічных непаладак. Пасля доўгай гутаркі і высвятлення мэтаў паездкі Сяржука адпусцілі.