Гарадзенскіх партыйных лідараў выклікаюць у пракуратуру
Бліжэй да вечару 4 кастрычніка Юрый Істомін, старшыня абласной арганізацыі АГП, паведаміў, што яму патэлефанавалі з гарадзенскай пракуратуры. Пракурор Караваеў прапанаваў лідэру мясцовага АГП з’явіцца ў пракуратуру для азнаямлення з папярэджаннем аб адказнасці за магчымыя несанкцыянаваныя акцыі.
Зразумела, што гутарка ідзе пра Народны сход, які запланаваны на 8 кастрычніка і мае адбыцца ў Гародні на стадыёне “Нёман” а 13-й гадзіне. Юрый Істомін, які быў у ад’ездзе, адказаў, каб яму падрыхтавалі афіцыйную позву і што ён можа прыйсці ў пракуратуру ў чацвер 6 кастрычніка.
Аналагічнае тэлефанаванне было і да намесніка старшыні абласной арганізацыі Партыі “Справядлівы свет” Паўла Станеўскага, якога раней ужо выклікалі ў аддзяленне міліцыі. Павел Станеўскі збіраецца наведаць пракуратуру з раніцы 5 кастрычніка.