Алег Мяцеліца: “Я хутка вярнуся на радзіму”
Грамадскі актывіст з Бялыніч Алег Мяцеліца, які пасля падзеяў на Плошчы ў 2010 годзе з’ехаў у Вільню, у хуткім часе збіраецца вярнуцца на радзіму.
Падчас мінулагодняй выбарчай кампаніі Алег Мяцеліца актыўна працаваў у камандзе кандыдата на пасаду прэзідэнта Уладзіміра Някляева, з’яўляўся яго даверанай асобай. Пасля разгону Плошчы 19 снежня 2010 года Алег разам з некалькімі актывістамі перадвыбарчага штаба Някляева з’ехаў спачатку ў Расію, а потым перабраўся ў Літву.
- Пагроза арышту была вельмі рэальнай, мяне неаднаразова затрымлівалі і арыштоўвалі падчас папярэдніх выбарчых кампаній, таму я вымушаны быў з’ехаць за мяжу, - кажа Алег.
У Вільні Алег Мяцеліца разам з іншымі палітуцекачамі актыўна працаваў над стварэннем грамадзянска-палітычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Літве, ладзіў у замежжы разнастайныя акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Зараз Алег з’яўляецца кіраўніком гэтага прадстаўніцтва.
-Дзякуючы падтрымцы замежных сяброў грамадзянска-палітычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Літве ўжо працуе, у нас з’явіўся свой офіс, - распавядае актывіст. – Кожны з беларусаў, якія прыехалі ў Вільню, мае магчымасць да нас звярнуцца. У межах сваіх магчымасцяў мы паспрабуем дапамагчы. Таксама ўжо ў бліжэйшы час збіраемся ладзіць шэраг акцый і мерапрыемстваў, якія скіраваныя на інфармаванне пра падзеі ў Беларусі. Будзем супрацоўнічаць з іншымі беларускімі арганізацыямі, якія знаходзяцца за мяжой. Вось літаральна днямі я падпісаў дамову пра каардынацыю дзеянняў і правядзенне сумесных мерапрыемстваў з старшынёй Беларускага цэнтру ва Украіне Вячаславам Сіўчыкам.
Нягледзячы на вялікі аб’ём працы на пасадзе кіраўніка прадстаўнідства, заставацца на пастаяннае жыхарства ў Літве Алег Мяцеліца не збіраецца:
- Ужо хутка я вярнуся на радзіму, у Бялынічы: там у мяне сям’я, мае бацькі, маленькі бізнес... Я збіраўся вярнуцца ў Беларусь яшчэ ў жніўні, але ўлады зноў пачалі незразумелыя гульні: арыштавалі Алеся Бяляцкага, пачалі “прэсаваць” іншых праваабаронцаў. Сябры параілі мне ў той час не вяртацца. Зараз з’явілася надзея, што ўсе палітвязні будуць нарэшце вызваленыя.
Падчас знаходжання Алега Мяцеліцы за мяжой супрацоўнікі КДБ праводзілі ў Бялынічах вобшукі ў кватэры Алега, дзе зараз пражывае іншы чалавек, і ў кватэры яго брата Мікалая Мяцеліцы. У Мікалая Мяцеліцы пасля вобшуку быў канфіскаваны камп’ютар і носьбіты інфармацыі, якія яму былі вернуты толькі праз некалькі месяцаў.Таксама супрацоўнікі міліцыі некалькі разоў спрабавалі патрапіць у прыватны дом Алега Мяцеліцы.