Сям’я журналіста засталася беспрацоўнай
Сям’я выдаўца і рэдактара крычаўскай незалежнай газеты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага засталася без афіцыйнага прыбытку. З жонкай, настаўніцай, не падоўжылі працоўны кантракт у мясцовым ліцэі, а сам журналіст не можа знайсці сабе ў раёне працы.
Жонка Сяргея Няроўнага Таццяна Лейбуціна адпрацавала ў ліцэі № 4 райцэнтра дзесяць гадоў. Чаму адміністрацыя навучальнай установы не пажадала падоўжыць працоўных адносін, настаўніцы не патлумачылі. Сама яна лічыць, што кіраўніцтву ліцэя намякнулі, каб яе звольнілі.
«Той кіраўнік, які трывала стаіць каля стырна сваёй арганізацыі, дык ён можа тады адстаяць любога работніка, калі ён яму патрэбны. А калі не, то зразумела, калі быў намёк, то ён прыбярэ лепшых, каб толькі захаваць сваё крэсла. Настолькі цяпер няўдзячная праца ў дзяржаўнай галіне, бо ты наогул залежыш ад кантракта. Закончыўся кантракт — усё, ты нікому не патрэбны», — тлумачыць прычыны звальнення Таццяна Лейбуціна.
Дырэктар ліцэя Міхаіл Міхайлаў настойвае, што звольнілі настаўніцу Лейбуціну менавіта па сканчэнні кантракта, іншых прычынаў няма. «Палітычных матываў тут няма ніякіх. Заўвагі па парушэнні працоўнай дысцыпліны — гэта ж сур’ёзныя заўвагі. Яна спазнялася на працу», — сказаў Міхайлаў. «А замену ці знайшлі ёй?» — спытаў карэспандэнт. «Нам людзі не патрэбныя больш. Патрэбы ў іх няма», — адказаў дырэктар ліцэя.
Знайсці працу Таццяна Лейбуціна па спецыяльнасці ў раёне не можа. Атрымлівае дапамогу як беспрацоўная — 70 тысяч рублёў. 500 тысяч «агародніннай» дапамогі атрымаць не можа. У сям’і адзін непаўналетні сын.
Сяргей Няроўны таксама не мае сталага прыбытку. Услед за звальненнем жонкі атрымаў паведамленне з падатковай інспекцыі. Патрабуюць ад журналіста дэкларацыю аб даходах і маёмасці за два гады.
Сяргей Няроўны тлумачыць: «Гэта ўсё звязана з выхадам газеты „Вольны горад“, якая вельмі крытыкуе ўладу. І помста ўлады нават дакацілася да жонкі. Я ж заўсёды хадзіў на выбары. У дэкларацыі я ставіў нулі. Вось на гэтыя нулі звярталі ўвагу выбаршчыкаў. А цяпер і жонка не працуе. Дык за што ж вы жывяце? Заявіць, што я нядобрасумленны журналіст, палітык — вось на што яны разлічваюць надалей».