Таццяна Севярынец другі месяц чакае адказу ад старшыні Віцебскага абласнога суду
Адаслаўшы ліст 26 жніўня і марна прачакаўшы належныя па законе 30 дзён, актывістка прыйшла па адказ сама. Але ў судовай канцылярыі афіцыйную паперу атрымаць не ўдалося.
“Мне ў вельмі расплывістых выразах паведамілі, што мой ліст доўга да іх ішоў, і што адказ мне мусяць даць праз 30 дзён з даты атрымання майго допісу. Дык прайшло ўжо 40 дзён, ліст з Віцебску ў Віцебск ідзе ніяк не больш за двое сутак, а адказу мне ўсё няма. Дакладней, сказалі, што ён нібыта ёсць, але на рукі не далі. Паабяцалі адправіць па пошце. Можа, ён яшчэ і не напісаны”, - разважае Таццяна Севярынец.
У скарзе да старшыні абласнога суду яна выклаладае сваю нязгоду з прысудам, вынесеным у Кастрычніцкім райсудзе, які абвінаваціў спадарыню Севярынец у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі. Абскардзіць вынесены суддзёй Яўгенам Буруновым штраф (20 базавых велічынь - 700 тысяч рублёў) у абласным судзе не ўдалося, і Тацяна Севярынец мусіла звярнуцца да старшыні ўстановы.
“Калі мне дадуць адмоўны адказ, я на гэтым не спынюся. Бо справа для мяне прынцыповая: мяне не толькі аштрафавалі, але і затрымалі самым падступным чынам! 2 ліпеня да мяне прыязжалі супрацоўнікі міліцыі, якія заявілі, што са мной хоча правесці гутарку кіраўнік міліцыі грамадскай бяспекі Кастрычніцкага РАУС Аляксандр Каліноўскі. Але я ў той дзень ад’язжала ў Мінск і паабяцала прыйсці, як толькі вярнуся. Ужо 8 ліпеня я была дома і сустрэла спадара Каліноўскага ў Кастрычніцкім райсудзе – тады судзілі ўдзельнікаў акцыі маўклівага пратэсту, сярод якіх былі мае аднадумцы. Спадар Каліноўскі сказаў, што ў яго няма часу са мной размаўляць, бо на адкрыццё “Славянскага базару” прыязжае Аляксандар Лукашэнка. Тым не менш, увечары да мяне зноў прыехалі міліцыянты, не слухаўшы маіх тлумачэнняў, завезлі ў пастарунак, дзе затрымалі на суткі”, - распавяла спадарыня Таццяна.
Праз суткі, калі Аляксандар Лукашэнка ўжо з’ехаў з Віцебску, актывістку стваранай партыі БХД прывезлі на суд, хаця гэта быў выходны дзень. І адпусцілі, бо яна запатрабавала магчымасці запрасіць адваката.
Праз некалькі дзён суд адбыўся: Таццяну Севярынец аштрафавалі за арганізацыю несанкцыянаванага шэсця – за тое, што пасля адной з акцый маўклівага пратэсту некаторыя ўдзельнікі пайшлі за ёй да крыжа на Успенскай горцы, каб памаліцца за вызваленне палітвязняў.
Актывістка падала скаргу ў пракуратуру на дзеянні міліцыянтаў, якія затрымалі яе падманам. Аднак атрымала адказ, што ўсе было зроблена слушна. Адказ ад старшыні абласнога суду на спробу абскардзіць штраф затрымліваецца пакуль на няпэўны тэрмін.