На месцы правядзення Народнага сходу ў Гомелі адбудзецца кірмаш
Гомельскія ўлады вырашылі на адзінай пляцоўцы, дазволенай для правядзення масавых мерапрыемстваў, правесці 8 кастрычніка кірмаш па продажу сельскагаспадарчай прадукцыі. Тым часам менавіта на гэтай пляцоўцы было запланавана правядзенне Народнага сходу. Кірмаш будзе працаваць з 9 да 16 гадзінаў. Гарвыканкам паведамляе, што ў месцах правядзення кірмашоў будуць усталяваны кантэйнеры для смецця і прыбіральні.
У гэты ж дзень, 8 кастрычніка, улады падрыхтавалі «сюрпрыз» для навучэнцаў і студэнтаў: па прад'яўленню студэнцкага білета ў гэты дзень можна будзе бясплатна наведаць палац Румянцавых і Паскевічаў, карцінную галерэю Вашчанка, музей гісторыі Гомеля, кінатэатры імя Калініна і «Кастрычнік», і нават лядовы каток на Рэчыцкай шашы.
Варта заўважыць, што студэнтаў адміністрацыі вузаў папярэдзілі пра магчымыя рэпрэсіі за ўдзел у Народным сходзе, і прапанавалі, як альтэрнатыву, наведаць выставы ды музеі.