Суд Савецкага раёну Гомелю пакараў прыхільніка Аляксандра Лукашэнкі пенсіянера Мікалая Царкова пазбаўленьнем волі на год, умоўна
61-гадовы Мікалай Царкоў, інвалід 2-й групы, у сакавіку перашкаджаў актывістам агітацыйнага пункту за Аляксандра Мілінкевіча. Пенсіянер падышоў да ўдзельнікаў агітацыйнага пікету і прыгразіў: маўляў, што вы тут стаіцё! Ён выхапіў з рук улёткі, якія раздавалі людзям, і раскідаў іх па зямлі. Пры гэтым ён пачаў піхаць нагамі з усяе сілы партрэт Мілінкевіча. Потым схапіў табурэтку і пачаў яе ламаць: "Калі праз пяць хвілін вы адсюль ня сыдзеце, я вярнуся і няведама, што з вамі зраблю!"
Абломкамі табурэткі пэнсіянэр замахваўся на агітатара Шуміліна, у выніку чаго той вымушаны быў зьвярнуцца па дапамогу ў міліцыю. Міліцыя вырашыла, што дзеяньні пенсіянера Царкова падпадаюць пад частку 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу хуліганства. Быў складзены пратакол, згодна з якім Мікалай Царкоў нападпітку, з нецэнзурнай лаянкай прыставаў да агітатараў, груба парушаў грамадзкі парадак.
У судзе пенсіянер адмаўляў свой хуліганскі ўчынак. Але на падставе паказаньняў сьведкаў і міліцыянтаў судзьдзя Алена Дзічкоўская прызнала Царкова вінаватым у хуліганстве і пакарала яго пазбаўленьнем волі на год. Праўда, умоўна.
Актывісты і каманды апазыцыйнага палітыка мяркуюць, што выхадку пенсіянера справакавала ўлада. Сама міліцыя шмат разоў затрымлівала агітатараў. Вось людзі і думалі, што тыя займаюцца нечым незаконным.
Аднак, як лічыць агітатарка за Мілінкевіча спадарыня Тацяна, прычына ня толькі ў гэтым:
"Усю перадвыбарчую кампанію Лукашэнка не зьнікаў з экрана тэлевізара. Ён называў сваіх канкурэнтаў і адмарозкамі, і ўсякімі іншымі непатрэбнымі словамі. Як вынік, асобныя недасьведчаныя выбарцы паводзілі сябе з намі так, як спадар Царкоў. Яны не маглі зразумець, што гэта нармальная перадвыбарчая кампанія. Паводзіны Царкова ды іншых да яго падобных паказалі нам, што дзейны прэзыдэнт не цярпіць канкурэнцыі і не гатовы аддаць уладу нікому іншаму, не гатовы выконваць канстытуцыю," - пракаментавала Радыё Свабодзе падзеі агітатарка.
І яшчэ адна акалічнасьць. З многіх дзясяткаў скаргаў, накіраваных у розныя інстанцыі ў сувязі з перашкодамі агітацыйнай кампаніі альтэрнатыўнага кандыдата, лагічнае завяршэньне набыла толькі вышэйзгаданая справа.