На Шклоўшчыне павялічваецца колькасць дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы
За апошнія месяцы ў Шклоўскім раёне значна павялічылася колькасць дзяцей,
якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Па стане на 1 сакавіка 2011
года ў раённым банку дадзеных на ўліку знаходзілася 95 такіх дзяцей (1,8 % ад
агульнай колькасці дзіцячага і падлеткавага насельніцтва раёна). На паседжанні
кардынацыйнага савета па выкананні патрабаванняў Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых
мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” галоўны
спецыяліст аддзела адукацыі Шклоўскага райвыканкама Галіна Балобіна
праінфармавала аб тым, што зараз на ўліку ў аддзеле налічваецца 118 дзяцей,
якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэтыя дзеці выхоўваюцца ў
73 сем’ях. Толькі за апошнія месяцы 15 дзяцей з 9 сем’яў прызнаныя патрабуючымі
дзяржаўнай абароны. Пра гэта паведамляе раённая газета “Ударны фронт”.
Павялічылася ў Шклоўскім раёне і колькасць асобаў, якія абавязаны вяртаць
дзяржаве выдаткі на ўтрыманне ўласных дзяцей. Калі на 1 сакавіка такіх
гора-бацькоў у раёне налічвалася 122 чалавекі, то зараз іх колькасць падрасла
да 128. Як адзначае раёнка, памер іх заробкаў не дазваляе цалкам выплочваць
сродкі, выдаткаваныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, які знаходзяцца на
дзярзабеспячэнні, да таго ж многія з іх яшчэ і парушаюць працоўную дысцыпліну.