Касацыйная скарга Галіны Кавалевіч не задаволеная
У Брэсцкім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі жыхаркі горада Бярозы Галіны Кавалевіч, затрыманай і збітай міліцыянтамі Бярозаўскага РАУС 13 ліпеня, пад час адной з маўклівых акцый. Кавалевіч прасіла адмяніць рашэнне суда Бярозаўскага раёна, які прызнаў яе вінаватай, але не прызначаў пакарання з-за малазначнасці правапарушэння.
Абласны суд пакінуў рашэнне суда раённага без зменаў, а скаргу -- без задавальнення. Суддзя Андрэй Лешчанка ў сваім рашэнні кіраваўся тым, што “бярозаўскаму суддзі былі больш бачны тонкасці справы”.
Нагадаем, што па адміністрацыйнаму пратаколу, складзенаму міліцыяй, Кавалевіч http://spring96.org/be/news/45499 судзілі за непадпарадкаванне работнікам міліцыі.
Па словах Галіны Кавалевіч і юрыста-праваабаронцы Уладзіміра Малея, такія рашэнні судоў канчаткова развязваюць рукі міліцыянтам на супрацьпраўныя дзеянні адносна грамадзян.