Удзельніца маладафронтаўскай галадоўкі Наста Азарка шпіталізаваная
9 чалавек працягваюць удзел у акцыі пратэсту, патрабуючы спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі, вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць палітвязьняў. Галадоўнікаў падтрымалі прадстаўнікі аб’яднаных дэмсілаў, а таксама замежныя партнэры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч прасіў галадоўнікаў спыніць акцыю, але тыя зь ім не пагадзіліся. 16 чэрвеня актывістка "Маладога фронту" Наста Азарка, якая брала ўдзел у галадоўцы пратэсту, шпіталізаваная з-за таго, што ў яе пагоршыўся стан здароўя.
Стан здароўя Зьмітра Дашкевіча пагоршыўся. Доктар прапанаваў яму спыніць галадоўку, матываваўшы гэта тым, што арганізм вельмі аслаблены і могуць пачацца незваротныя працэсы. Справа ў тым, што Зьміцер тройчы з невялікімі перапынкамі адбываў пакараньне ў турме на Акрэсьціна, а гэта таксама адбілася на стане здароўя. Але Зьміцер з доктарам не пагадзіўся. Радый Свабодзе ён паведаміў: "Мы лічым, што мы яшчэ можам больш прыцягнуць увагі грамадзтва да тых праблемаў, каторыя закранаем у сваіх патрабаваньнях. Зараз вельмі інтэнсіўна працуем у інфармацыйным накірунку, з замежжам. Спыняць гэтае мерапрыемства мы пакуль не зьбіраемся. Першапачаткова кіраўніцтва "Маладога фронта" ня мела намеру распачынаць гэтую галадоўку. Яе распачалі нашы непаўнагадовыя актывісты ў рэгіёнах".
Павал Севярынец, які адбывае пакараньне на “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацый супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году, таксама прасіў свайго паплечніка спыніць акцыю: "Тое, што яны робяць, іхняя ахвярнасьць заўважаная і ацэненая грамадзтвам. Зьміцер Дашкевіч – гэта вельмі моцны чалавек, змагар, баец, і тое, што яны нягледзячы на ўсе ўгаворы зараз галадоўку працягваюць, гэта толькі ў маіх вачох, у вачох многіх людзей, з кім я размаўляю, падымае аўтарытэт галадоўцаў, аўтарытэт усёй беларускай моладзі. Людзі бачаць, што ёсьць тыя, хто вырве сваё сэрца і, падняўшы яго над сабой, павядзе за сабой астатніх.. Гэта вельмі шмат чаго варта ў сёньняшняй Беларусі, дзе палітычнае бязвольле і бязьвер'е сталі нормай жыцьця апазыцыі".
Галадоўнікі паведамілі, што будуць знаходзіцца ўсе разам у арандаванай кватэры пакуль не скончыцца акцыя пратэсту.
Яшчэ адзін галадоўнік – Алесь Зарэмбюк – галадае ў Мастах.