Старшыня суда прызнала скаргу Кастуся Жукоўскага неабгрунтаванай
Старшыня суда Чыгуначнага раёна Гомеля Таццяна Адрыбец прызнала скаргу Кастуся Жукоўскага неабгрунтаванай. Нагадаем, канфлікт у судзе адбыўся 11 кастрычніка, пры разглядзе адміністрацыйнай справы ў дачыненні аднаго з арганізатараў Народнага сходу Валерыя Сляпухіна. Падтрымаць актывіста прыйшлі каля двух дзесяткаў чалавек. Але па звыклай практыцы гомельскіх судоў, супрацоўнікі ўстановы ўсе высілкі накіравалі на тое, каб судовае паседжанне прайшло без прысутнасці сяброў Валерыя Сляпухіна і журналістаў. Напрыклад, Кастусь Жукоўскі ніяк не мог даведацца, дзе і калі адбудзецца працяг паседжання над яго паплечнікам, суддзя ж выгнаў яго з кабінета і не адказваў на пытанні. Тады актывіст пайшоў да старшыні суда, Таццяны Адрыбец, і спытаўся, у колькі гадзін і у якім кабінеце будзе працяг справы. Старшыня суда адказала, што разгляд справы працягнецца ў 15.00. Але калі апазіцыянер выйшаў на калідор, ён заўважыў, што суддзя накіроўваецца ў залe, каб працягнуць працэс, хоць і быў ужо абедзенны перапынак, 13.00.
Кастусь Жукоўскі абурыўся і зрабіў заўвагу старшыні суда за тое, што яна яго падманула. Тады Таццяна Адрыбец загадала міліцыянерам «супакоіць» апазіцыянера, і яго прыкавалі кайданкамі да батарэі ацяплення.
У адказ на скаргу, якую ён пакінуў у кнізе скаргаў і прапаноў, Таццяна Адрыбец напісала, што «сакратар у калідоры правярала наяўнасць сведкаў, а затым запрасіла ўсіх жадаючых прысутнічаць пры разглядзе справы». «Вось так у судзе адкрыта хлусяць, у мяне дваццаць сведкаў, што справу разглядалі таемна, і ў абедзенны перапынак, а старшыня суда сцвярджае адваротнае. Суддзі нічога не баяцца, і хлусяць, бо ведаюць, што іх прыкрыюць», - абурыўся такім адказам Кастусь Жукоўскі.