Праваабаронцу Рамана Юргеля незаконна турбуе абласны суд
Нечаканыя праблемы з Гарадзенскім абласным судом напаткалі гарадзенскага праваабаронцу з БХК Рамана Юргеля. Пасля аплаты ім дзяржпошліны за судовыя выдаткі, звязаныя з грамадзянскай справай, старшыня аблсуду Аляксандар Грынкевіч зрабіў хадайніцтва пра асобныя працэсуальныя дзеянні: накладанне арышту на маёмасць, якая належыць Раману Юргелю, атрыманне інфармацыі пра тое, з кім ён супольна пражывае, сямейнае становішча і месца працы.
Гэтае хадайніцтва Раман Юргель абскардзіў, зарэгістраваўшы адпаведную заяву ў кнізе скаргаў Гарадзенскага абласнога суду і падаўшы яшчэ адну заяву на адмену незаконнага хадайніцтва.
Сітуацыя вынікла з таго, што Раман Юргель мусіў выплаціць, паводле рашэння ўкраінскага суду з Днепрапятроўскай вобласці, суму, эквівалентную 87-мі тысячам беларускіх рублёў, што ім і было адразу зроблена. Арыгінал квітанцыі пошты быў пад подпіс аддадзены судовым выканаўцам Гарадзенскага абласнога суду 16 верасня. Тым больш абсурдным падаецца хадайніцтва старшыні абласнога суду Грынкевіча, якое датавана 6-ым кастрычніка бягучага году. Такі юрыдычны казус Раман Юргель тлумачыць псіхалагічным пераследам за яго прааабарончую дзейнасць. У сваёй скарзе праваабаронца патрабуе адмяніць неабгрунтаванае хадайніцтва старшыні суду і прынесці пісьмовыя прабачэнні за маральную шкоду ў выніку палітычна матываваных дзеянняў судовых выканаўцаў.