На Віцебшчыне квітнее махлярства, а міліцыянты нічога не робяць
Да такой высновы прыйшоў памочнік Прэзідэнта, галоўны інпектар па Віцебскай вобласці Мікалай Дамашкевіч. Ён прыязжаў на прыём грамадзянаў, і людзі распавялі яму пра свае марныя звароты ў міліцыю.
Паводле Мікалая Дамашкевіча, у Віцебскай вобласці завялася цэлая серыя ашуканцаў, якія выманьваюць у грамадзян грошы. Людзі звяртаюцца ў праваахоўную сістэму, а яна бяздзейнічае, дэманструючы валакіту і бюракратызм. "Паглядзіце, палова пытанняў прыёму тычыцца бяздзейнасці праваахоўных органаў, гэта махровыя бюракраты ў пагонах. Той адмяніў, той вярнуў, гэты прыпыніў", - канстатаваў Мікалай Дамашкевіч, падкрэсліўшы, што пытанні па заявах, звязаных з абаронай інтарэсаў грамадзян у некаторых выпадках не вырашаюцца гадамі. І вал гэтых пытанняў пастаянна расце, паведамляе БЕЛТА.
На прыёме ў Мікалая Дамашкевіча пабывалі каля 30 жыхароў рэгіёну. На дзейнасць – а дакладней, бяздзейнасць супрацоўнікаў міліцыі прыйшлі скардзіцца тыя, хто ў органах МУС ужо вычарпаў усе магчымасці адшукаць справядліваць.
Ускосным сведчаннем таго, што міліцыя дрэнна робіць сваю справу, можна лічыць падвышэнне актыўнасці грамадзян, якія вымушаны самі змагацца супраць злачынцаў і правапарушальнікаў.
Віцебская абласная газета “Народнае слова” цытуе начальніка управы ўнутраных спраў аблвыканкаму Аляксандра Найдзенку, які распавёў пра тое, як звычайныя грамадзяне перасьледвалі злодзеяў або выкрывалі рабаўнікоў , не спадзеючыся на міліцыю: “Калі за ўвесь мінулы год пры садзейнічанні насельніцтва ў вобласці было раскрыта больш за 50 злачынстваў, то сёння столькі ж толькі за дзевяць месяцаў”.
“Дабраахвотных памочнікаў міліцыі” гэтая структура час ад часу збірае ва ўрачыстай абстаноўцы і дарыць падарункі – сувеніры, кветкі, іншым разам грашовыя прэміі. Але найлепш было б пазбавіць прэмій міліцыянтаў, якія не рупяцца, каб дапамагчы грамадзянам – так мяркуюць тыя, хто справядлівасці ў міліцыі не дамогся.