Міліцыянты зламалі нагу магілёўцу і напісалі ў пратаколе, што "так і было"
48-гадовы магілёвец Валеры Чыкаў ужо месяц ходзіць у гіпсе. Віной таму, як ён сцвярджае, сталі супрацоўнікі міліцыі, які збілі яго, калі ён быў дастаўлены ў стане алкагольнага ап’янення ў міліцэйскі пастарунак, піша "Магілёўская вясна".
Згодна з аповедам Валерыя, калі ён сядзеў у памяшканні за кратамі, адзін з супрацоўнікаў міліцыі адкрыў дзверы, увайшоў унутр і ударыў яго нагой па ягонай назе, як вынік таго ўдару – пералом нагі.
У пратаколе затрымання напісалі, што ён быў дастаўлены ў пастарунак ужо з траўмай нагі .
Калі Чыкаў знаходзіўся ў шпіталі, толькі на другі дзень да яго прыйшоў міліцыянт, каб апытаць з нагоды ягонай траўмы.
Юрыст незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Аляксей Яўгенаў адзначае, што нават калі міліцыянты затрымалі п’янага чалавека на вуліцы – гэта не значыць, што з ім так па-нялюдзку трэба сябе паводзіць.
“З нагоды збіцця Валерыя ў пастарунку міліцыі міліцыянтам была пададзена заява ў Пракуратуру, аднак адказу адтуль яшчэ не прыйшло. Адпаведную заяву мы таксама накіравалі ва Упраўленне унутраных справаў”, - гаворыць Аляксей Яўгенаў.