Брэст: забарона пікетаў абскарджваецца ў судзе
Жыхары Брэста праз суд спрабуюць атрымаць магчымасць правядзення ў горадзе пікетаў супраць рэпрэсій у дачыненні да палітычных апанентаў улады і грамадзянскіх актывістаў.
Заяўку на правядзенне такіх акцый у мясцовы гарвыканкам падаваў жыхар абласнога
цэнтра, намеснік старшыні РГА "Перспектыва" Віктар Чайкоўскі.
Планавалася, што некалькі пікетаў пройдуць у кастрычніку з мэтай прыцягнуць
увагу грамадскасці да фактаў выкарыстання ўладамі артыкулаў Крымінальнага кодэкса
з мэтай нейтралізацыі прадстаўнікоў апазіцыі, а таксама іншых людзей, што
выказваюць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю. Акцыі мусілі прайсці ў розных
месцах горада пад лозунгам "Свабоду палітвязням! Спыніць катаванні і
пераслед! ". Акрамя заяўніка ў іх мелі намер удзельнічаць і іншыя
грамадскія актывісты з Брэста.
Аднак Брэсцкі гарвыканкам адмовіў у правядзенні пікетаў,
спаслаўшыся на тое, што ў заяўцы пазначаны месцы, дзе не прадугледжана
правядзення такіх акцый. Акрамя таго, да заяўцы не былі прыкладзены дамовы з
органамі ўнутраных спраў, установай аховы здароўя і камунальным прадпрыемствам.
Скаргу ў суд Ленінскага раёна Брэста на забарону пікетаў накіравалі сам Віктар Чайкоўскі,
а таксама праваабаронца Раман Кісляк, каардынатар РГА "Перспектыва"
па Брэсце Уладзімір Катрыч і каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі
"Беларуская хрысціянская дэмакратыя" па Брэсцкай вобласці Зміцер
Шурхай.
Па словах Кісляка, насамрэч у заяўцы былі пазначаны і месцы, дзе правядзенне
масавых мерапрыемстваў афіцыйна не забаронена. Таму адмова гарвыканкама, на
думку праваабаронцы, з’яўляецца неправамернай і пазбаўляе грамадзян
гарантаванага ім Канстытуцыяй РБ права на свабоднае выказванне свайго
меркавання, а таксама права не падвяргацца дыскрымінацыі па прыкмеце
перакананняў.