Жонкі палітвязняў кажуць пра новыя факты ціску
Ірына Халіп заявіла, што ўзмацняецца ціск на яе мужа, былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. "Рэжым ня спыніцца перад ліквідацыяй", — упэўненая Халіп. Да Саньнікава пасадзілі хворага на сухоты, кажа яна.
"Андрэй сядзіць у ПКТ, і туды таксама пасадзілі чалавека зь нізкім
статусам, супраць чаго Саньнікаў пратэставаў. Яму не даюць сам-насам
сустрэцца з адвакатам. Яму таксама пагражалі зноў паслаць этапам, калі
будуць паведамленьні пра яго ў СМІ. Сытуацыя пагаршаецца, вымагаюць ліст
пра памілаваньне", — заявіла Халіп.
Ірына Халіп ўпершыню зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі: "Усе ведаюць,
што вы трымаеце нашых мужоў у турме, бо вы іх баіцеся. Дакажыце, што вы
не баіцеся і адпусьціце іх".
Марына Адамовіч паведаміла пра жорсткую ізаляцыю Міколы
Статкевіча. Зь мінулай пятніцы ўзмацніўся ціск наконт ліста пра
памілаваньне. "Са мною можа стацца ўсё што заўгодна, але я не падпішу", —
заявіў Статкевіч праз тэлефон.
'"Цягам чатырох месяцаў адміністрацыя калёніі не дазваляе зарэгістраваць
нам шлюб. А вы нам ніхто, кажуць мне ў калёніі. Гэта нізасьць і
агіднасьць цяперашняй улады", — заявіла Марына Адамовіч.
Вольга Бандарэнка распавяла, што яе муж моцна хворы.
"Ён знаходзіцца ў цяжкім стане, пад пагрозай інваліднасьці. Цяпер
узмацніўся ціск — яго пераводзяць у карантынны атрад, лістоў ад яго
няма. Гэта зьвёны аднаго ланцуга — тое, што адбываецца з палітвязьнямі",
— сказала Вольга.
"Тое, што ў турмах забіваюць нашых лідэраў, гэта страшна", — кажа Вольга Бандарэнка.
Пагоршыўся таксама стан здароўя кіраўніка "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча.
На яго таксама ціснуць, просяць напісаць ліст пра памілаваньне. Пра
гэта паведаміў кіраўнік грамадзкай арганізацыі "Плятформа" Андрэй
Бандарэнка са спасылкай на Насту Палажанку.
Жонкі палітвязьняў падрыхтавалі зварот да Эўрапейскага зьвязу, каб ЭЗ не
аслабляў ціск, "бо ў Беларусі няма лібэралізацыі, а фактычна
гуманітарная катастрофа".