viasna on patreon

Пачатак працэсу над Алесем Бяляцкім

2011 2011-11-02T23:55:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialacki-sud1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З 9-й гадзіны раніцы каля будынку суда Маскоўскага раёну Менска ужываліся надзвычайныя меры бясьпекі: прыехаў Спецназ і некалькі аўтамабіляў ДАІ, стаянкі для прыватнага транспарту былі ачэплены ахоўнымі стужкамі. Пачалі збірацца жадаючыя патрапіць на працэс. У 9:30 Алесь Бяляцкі быў дастаўлены ў будынак суду.

У залю судовых паседжаньняў не пускалі журналістаў без рэдакцыйных пасьведчаньняў. У залі прысутнічаюць лідары грамадскіх рухаў і партый, прадстаўнікі замежных дыпламатычных місій.

Перад пачаткам працэсу міліцыя не пусціла ў суд Зьмітра Салаўёва, а затым выдаліла з пямяшканьня, як  і старшыню камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” Іну Кулей за майкі “Свабоду Алесю Бяляцкаму”.

Суддзя не задаволіў хадайніцтвы абароны аб вядзеньні працэсу па-беларуску і зьмене меры стрыманьня Алесю Бяляцкаму.

* * *

Разгляд хадайніцтваў завяршыўся. Пракурор Сайкоўскі зачытвае абвінавачваньне Бяляцкаму. Паводле яго, Бяляцкі парушыў Падатковы кодэкс і ўхіліўся ад сплаты падаткаў на суму 352 мільёна 274 тыcячы рублёў. Гэтым ён учыніў страты дзяржаве ў асабліва буйным памеры. Пракурор  называе нумары рахункаў у літоўскім Nordbank і Bank Śląski (Польшча).

Пракурор зьвярнуўся да Бяляцкага з прапановай шчырых адказаў і паведаміў, што калі праваабаронца  не будзе перашкаджаць працэсу то магчыма зьмяніць меру стрыманьня пры ўмове  вызываленьня пад заклад, альбо вяртаньне ўрону ці паручальніцтва.

13-00. У судзе абвешчаны перапынак да 14 гадзін.

Пасьля перапынку пракурор працягвае допыт Алеся Бяляцкага. Яго цікавіць, у сувязі з чым былі адкрыты рахункі за мяжой.

«Гэта звязана з маёй праваабарончай працай»,  - адказвае Бяляцкі.

Алесь Бяляцкі распавядае гісторыю праваабарончага цэнтра «Вясна». У сувязі з тым, што арганізацыя была зачынена, а спробы зарэгістравацца не прывялі ні да чаго, вось таму, каб праводзіць праваабарончую працу, звязаную з правамі чалавека ў Беларусі, праваабаронца адкрыў два рахункі ў Польшчы і Літве на атрыманьне сродкаў ад міжнародных партнёраў.

* * *

Алесь Бяляцкі асабіста перакладае дакументы і па пунктах пералічвае пераводы, у якіх указана, што грошы на ягоны рахунак пералічваліся менавіта на "Вясну", на канкрэтныя праекты, у прыватнасьці, на камандзіроўку ў Казахстан, на правабарончую канфэрэнцыю, на публікацыю брашуры пра выбары ў Беларусі.

* * *

Бяляцкі выступіў з заявай: "Я зьяўляўся ўладальнікам рахунка, але грошы ішлі на дзейнасьць "Вясны" і нашых партнэраў у Беларусі. Я не распараджаўся гэтымі сродкамі, на іх расходаваньне складваліся адпаведныя дамовы. Прыклады гэтых дамоваў прадстаўленыя ў КДБ. Апроч іх існавалі іншыя дакумэнты. Я ня быў уладальнікам гэтых грошай, а быў перадатачным зьвяном. Гэтыя сродкі датычыліся працы рэгіянальных грамадзкіх прыёмных ПА "Вясна", яны перадаваліся ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Нашым міжнародным партнэрам накіроўваліся справаздачы па расходваньні сродкаў — квіткі, друк, выданьне бюлетэняў, дапамога рэпрэсаваным. Апрача таго ня ўсе гэтыя грошы расходаваліся ў Беларусі, частка зь іх выкарыстоўвалася за мяжой на друк, на навучаньне. Я ня бачу сваёй карысьці з гэтых сродкаў, я асабіста іх у Беларусь ня ўвозіў". (Радыё Свабода)

* * *

Адвакат заявіў хадайніцтва аб тым, каб судом былі запатрабаваныя акты мытнага агляду Алеся Бяляцкага, а таксама хадайніцтва аб запатрабаванні ад інспекцыі па падатках і зборах актаў праверкі Бяляцкага за 2000-2010 гг.. Пракурор не супраць. Суддзя задаволіў абодва хадайніцтвы.

* * *

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка прыйшоў на працэс, бо Польшча апроч яўнай палітычнай падаплёкі судовай справы адчувае персанальную віну перад Алесем Бяляцкім: 

- Мы як прадстаўнікі Еўрасаюза заўсёды намагаемся прымаць удзел ва ўсіх працэсах, якія палітычна матываваныя. Я думаю, што гэты працэс менавіта такі. Вы бачыце тут шмат прадстаўнікоў розных дэпламатычных місій. У нас яшчэ асаблівая адказнасць, бо мы маем за сабой грэх, а менавіта тое, што мы спрычыніліся да таго, што спадар Бяляцкі сядзіць у турме. Беларускі бок не апраўдаў нашага даверу, бо закон, які мы падпісвалі быў скіраваны супраць крымінальных злачынстваў. А тут гэта выкарыстоўваецца для таго, каб пасадзіць у турму праваабаронцу. Мы лічым, што пасадзіць у турму праваабаронцу -- гэта непрымальна, - паведамляе Радыё Рацыя.

У судзе абвешчаны перапынак да 3 лістапада да 10.00

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства