viasna on patreon

Міліцыя і хуткая дапамога — супраць апазіцыйнага мітынгу ў Гомелі

2011 2011-11-04T14:57:44+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/uladzimer-siakerka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Сякерка

Уладзімір Сякерка

Пры правядзенні, а дакладней, спробе арганізацыі масавых мерапрыемстваў у Гомелі мясцовыя апазіцыянеры сустракаюць перашкоды. Прычым кожны раз – усе новыя і новыя. Нагадаем, ужо сем гадоў Гомель застаецца горадам, «свабодным» ад правядзення дазволеных апазіцыйных мітынгаў і пікетаў, ніводная заяўка не была ўхвалена мясцовымі ўладамі.

Вясной 2011 года блакаду ледзь не ўдалося прарваць партыі левых «Справядлівы свет», сябры якой планавалі правесці мітынг 1 мая. Старшыня абласной арганізацыі партыі Уладзімір Сякерка выканаў усе патрабаванні рашэння гарвыканкаму і заключыў дамовы з міліцыяй, камунальнай гаспадаркай і «хуткай дапамогай». Гарвыканкам быў вымушаны даць дазвол на правядзенне мітынгу. Але за некалькі дзён да мерапрыемства адмяніў сваё ж рашэнне на падставе таго, што нібыта на пляцоўцы каля ДК «Віпра» (адзінай пляцоўцы ў горадзе, дзе дазволеныя, праўда, тэарэтычна, масавыя мерапрыемствы) будуць праводзіцца рамонтныя работы.

Зараз мясцовыя сябры партыі левых «Справядлівы свет» вырашылі правесці 20 лістапада мітынг з мэтай абмеркавання сацыяльна-эканамічнага становішча ў Гомелі і краіне ў цэлым. Кіраўнік абласной структуры партыі Ўладзімір Сякерка падаў у гарвыканкам адпаведную заяўку і таксама вырашыў, як таго і патрабуе рашэнне, заключыць дамовы з міліцыяй, «хуткай дапамогай» і камунальнымі службамі. Інстанцыя па добраўпарадкаванню тэрыторыі згадзілася заключыць дамову і прыбраць пляцоўку пасля мітынгу. «Але ў «хуткай дапамозе» і міліцыі я сустрэў нечаканыя перашкоды, дадзеныя службы проста адмовіліся заключыць дамовы. Напрыклад, галоўны ўрач бальніцы хуткай дапамогі Мікалай Кішко паведаміў, што 20 лістапада усе аўтамабілі «хуткай» будуць занятыя, і не будзе магчымасці дзве гадзіны дзяжурыць на мітынгу. У міліцыі мне адказалі, што не могуць заключыць дамову, бо не маюць рашэння гарвыканкама аб аплаце і парадку заключэння дамовы. Дарэчы, рашэнне гарвыканкама пра масавыя мерапрыемствы было прынятае яшчэ тры гады таму», - падкрэсліў Уладзімір Сякерка.

Ён звярнуўся 3 лістапада з заявай у гарвыканкам з патрабаваннем разабрацца – чаму, на якой падставе міліцыя адмаўляецца падпісаць дамову.

Старшыня абласной арганізацыі партыі левых мяркуе, што ўсе перашкоды ствараюцца ўладамі адмыслова, каб не дапусціць правядзення мітынгу ў Гомелі.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства