viasna on patreon

ЦК БСДП (Грамада) патрабуе: “Свабоду Аляксандру Казуліну”

2006 2006-06-27T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведаміла прэс-служба Грамады, у нядзелю 25 чэрвеня ў Менску адбылося паседжанне Цэнтральнага камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалі на паседжанні, – дзеянні па вызваленні Аляксандра Казуліна. Вырашана, што партыя будзе прадпрымаць усе законныя меры дзеля вызвалення свайго лідэра.
Па дадзеным пытанні ЦК БСДП прыняў звернутую да беларускага народа, а таксама кіраўніцтва краіны заяву “Свабоду Аляксандру Казуліну!” і зварот да міжнароднай супольнасці, у тым ліку і партыяў, якія ўваходзяць у склад Сацыялістычнага Інтэрнацыянала, з заклікам падтрымаць лідэра беларускіх сацыял-дэмакратаў.
Пасля паседжання сябры ЦК БСДП прынялі ўдзел у пікеце ў падтрымку Аляксандра Казуліна, які штодзень праводзіцца на полошчы Бангалор у Менску.
Прапануем Вашай увазе тэкст заявы ЦК БСДП (Грамады) “Свабоду Аляксандру Казуліну!”
Цэнтральны Камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) звяртаецца да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і выказвае рашучы пратэст у сувязі з незаконным зняволеннем лідэра беларускіх сацыял-дэмакратаў Аляксандра Казуліна.
Абвінавачанні, якія прад’яўлены А.Казуліну, у кожнай дэмакратычнай краіне палічылі б беспадстаўнымі і нават абсурднымі.
17 лютага зарэгістраваны кандыдатам на пасаду Прэзідэнта А.Казулін паспрабаваў правесці сваю першую прэс-канферэнцыю ў будынку Нацыянальнага прэс-цэнтру. Супрацоўнікі аховы прэс-цэнтру (а таксама агенты спецслужбаў) замест таго, каб выказаць павагу да кандыдата на пасаду Прэзідэнта і дапамагчы ажыццявіць яго законнае права, перашкодзілі яму, ужылі пры гэтым фізічную сілу і спецыяльныя сродкі.
2 сакавіка кандыдат на пасаду Прэзідэнта паспрабаваў у адпаведным закону парадку – паводле рашэння партыйнага з’езду і выбарчага заканадаўства атрымаць запрашэнне на 3 Усебеларускі народны сход, каб удзельнічаць у яго працы. Аднак у вестыбюлі сталічнага Палацу чыгуначнікаў А.Казулін супрацоўнікамі спецслужбаў, якія спецыяльна яго там чакалі, быў збіты, затрыманы і прымусова адвезены ў Кастрычніцкі РАУС г.Мінска.
Нарэшце, 25 сакавіка А.Казулін разам з іншымі людзьмі ланцужком, па ходніках, з кветкамі ў руках ішлі ў бок турмы на вуліцы Акрэсціна, каб засведчыць сваю салідарнасць з арыштаванымі аднадумцамі. Але спецпадраздзяленні міліцыі беспрычынна, з беспрэцэдэнтнай у найноўшай беларускай гісторыі жорсткасцю атакавалі мірных людзей. Сотні былі збітыя, дзясяткі, у тым ліку і Аляксандр Казулін, арыштаваныя. Злачыннасць дзеянняў спецназу відавочная: праход да турмы на вул. Акрэсціна ніякім законам ці распараджэннем не забаронены, і кожны грамадзянін мае права падысці аж да варотаў гэтай сумнавядомай установы.
Кансультацыі спецыялістаў з нашай партыі з высокапрафесійнымі непартыйнымі юрыстамі з Беларусі і замежжа даюць падставы сцвярджаць, што па кожным пункце абвінавачвання да адказнасці павінен быць прыцягнуты не А. Казулін, а арганізатары распраў з мірнымі грамадзянамі.
ЦК БСДП патрабуе неадкладна вызваліць А. Казуліна і зняць усе абвінавачанні супраць яго.
ЦК БСДП папярэджвае, што за кожны дзень незаконнага зняволення Аляксандра Казуліна вінаватыя ў гэтым службовыя асобы раней ці пазней будуць прыцягнутыя да адказнасці.
Свабоду Аляксандру Казуліну і іншым палітычным вязням!
Менск, 25 чэрвеня 2005 г.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства