Выйшаў новы фільм у падтрымку Алеся Бяляцкага (ВІДЭА)
Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў, сумесная праграма
Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць
катаванняў (OMCT), прэзентуе 6-хвілінны дакументальны фільм, які распавядае пра
цяжкое становішча праваабаронцаў ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, якія
сутыкаюцца з узмацніўшыміся рэпрэсіямі.
“Суд над Алесем Бяляцкім,
віцэ-прэзідэнтам FIDH і кіраўніком беларускага праваабарончага цэнтру"
Вясна ", незаконна арыштаваным у сувязі з яго праваабарончай дзейнасцю,
праходзіць цяпер у Менску. У многіх краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі
праваабаронцы сутыкаюцца з падобнымі жорсткімі рэпрэсіямі: перашкоды свабодзе
сходаў і асацыяцыі, перашкоды рэгістрацыі НДА, крыміналізацыя незарэгістраваных
арганізацый, цяжкасці ў доступе да фінансавання, судовы пераслед і адвольныя
затрыманні”, - адзначаецца ў прэс-рэлізе Абсерваторыі з нагоды выхаду
фільма.
Праваабаронцы розных краінаў, якія даюць інтэрв'ю на фоне дэманстрацый у
падтрымку Алеся Бяляцкага і іншых калегаў з Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі,
распавядаюць пра цяжкія умовы, у якіх ім даводзіцца працаваць, і пра найбольш
распаўсюджаныя тыпы пераследу ў рэгіёне.