У Наваградку падчас рыцарскага фэсту затрымлівалі і канфіскоўвалі бел-чырвона-белыя сьцягі і значкі. На Віктара Івашкевіча складзены адміністратыўны пратакол
1-2 ліпеня ў Наваградку праходзіў чацьвёрты сярэднявечны фэст "Наваградзкі замак". У першай сталіцы Вялікага княства Літоўскага цэлы дзень гучала сярэднявечная беларуская музыка, на Замкавай гары адбываўся конны рыцарскі турнір і турнір лучнікаў.
Некалькі сотняў актывістаў дэмакратычнага руху, у тым ліку сябры Партыі БНФ, моладзі БНФ, моладзевай ініцыятывы 'Правы Альянс' і валянцёры свабоды, прынялі ўдзел у масавай акцыі падчас рыцарскага фэсту ў Наваградку.
Ад самай раніцы удзельнікі акцыі раздавалі мінакам значкі 'За свабоду', 'Далучайся'. Як паведаміла прэс-служба Партыі БНФ, людзі з задавальненьнем іх бралі і чаплялі на сябе. Празь некаторы час міліцыя масава пачала затрымліваць людзей са значкамі і іх канфіскоўваць.
Гэтаксама міліцыя затрымлівала і перапісвала імёны людзей, якія мелі з сабой дрэўкі, праводзіла агляд асабістых рэчаў, канфіскоўвала нацыянальныя сьцягі й дрэўкі. Паводле словаў арганізатара акцыі, намесьніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, да акцыі было падрыхтована 80 сьцягоў, але ўжо да пачатку акцыі палова зь іх была канфіскаваная. Міліцыя дзейнічала вельмі недаліктана, сярод затрыманых часам апыналіся і рыцары удзельнікі Фэсту.
Віктар Івашкевіч: 'Улада на дух не пераносіць усё беларускае. На фоне яе стаўленьня да нашых нацыянальных сымбаляў вельмі дзіўным выглядаюць заклікі забыць мінуўшчыну і бараніць незалежнасьць разам. Якая можа быць супольная барацьба, калі ўлада так абыходзіцца з нашай моладзьдзю?'
Да акцыі далучыліся і мясцовыя жыхары, актывісты кампаніі 'За свабоду' і Партыі БНФ. Прыкладна ў 16:00 некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў былі ўзьнятыя з вокнаў і дахаў будынкаў у цэнтры горада.
У апафэёзе фэстывалю, падчас імітацыі штурму замкавай гары, адбылася найвялікшая частка наваградзкай акцыі. Моладзь узьняла каля 20 сьцягоў у розных месцах шматтысячнага глядацкага натоўпу. Гэта момант быў сустрэты авацыяй і масавым скандаваньнем гледачамі 'Жыве Беларусь!' Міліцыя зрэагавала вельмі жорстка і на працягу 10 хвілінаў з ужываньнем сілы і пагрозаў арыштавала ўсіх удзельнікаў акцыі і адвезла ў мясцовы РУУС. Сярод затрыманых сябры моладзі БНФ і 'Правага Альянсу'
Задачамі акцыі было нагадаць беларускай грамадзкасьці пра нацыянальныя сымбалі, іх неадемнасьць у беларускай культуры і гісторыі, таксама прыцягнуць людзей да актыўнай грамадзянскай пазыцыі. Віктар Івашкевіч акрамя гэтага бачыць і іншыя станоўчыя вынікі акцыі: 'Гэта быў масавы трэнінг для сьвежай моладзі, якая зусім нядаўна далучылася да дзейнасьці. Мы пабачылі настроі ў грамадзтве, яны вельмі пазытыўныя, людзі настроеныя на змаганьне. На жаль, акцыя яшчэ раз паказала, што ўлада на дух не пераносіць усё беларускае. На фоне яе стаўленьня да нашых нацыянальных сымбаляў вельмі дзіўным выглядаюць заклікі забыць мінуўшчыну і бараніць незалежнасьць разам. Якая можа быць супольная барацьба, калі ўлада так абыходзіцца з нашай моладзьдзю?'
Усяго было затрымана 15 чалавек, адміністратыўны пратакол у Наваградзкім РАУС склалі на Віктара Івашкевіча, бо ён заявіў у міліцыі, што зьяўляецца арганізатарам акцыі.