viasna on patreon

Габрэі патрабуюць ад бабруйскіх уладаў захадаў, якія б не дапусьцілі распальваньня міжнацыянальнай варожасьці.

2003 2003-06-03T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведаміла Радыё Свабода, бабруйская гарадзкая габрэйская грамада зьвярнулася да старшыні гарвыканкаму Міхаіла Бандарэнкі зь лістом, у якім просіць прыняць меры ў сувязі з распальваньнем нацыянальнай варожасьці. Яе праявы бабруйскія габрэі ўбачылі ў нядаўнім выпадку на могілках, калі былі апаганеныя чатыры габрэйскія помнікі.

Габрэйская супольнасьць Бабруйску выказала гарадзкой уладзе сваю занепакоенасьць у сувязі з актам вандалізму на габрэйскіх могілках.

Тыдзень таму невядомыя пашкодзілі жоўтай фарбай чатыры помнікі і іх агароджы: зафарбавалі выявы нябожчыкаў, на адным з помнікаў пакінулі надпіс: “Бей жидов!” Міліцыя, якую выклікалі на месца здарэньня, зьняла адбіткі пальцаў са шкляной бутэльцы з-пад фарбы, якую кінулі зламысьнікі. Аднак тых, хто ўчыніў акт вандалізму, пакуль не знайшлі.

Кіраўнік Бабруйскай габрэйскай грамады Леанід Рубінштэйн гаворыць, што помнікі прывялі ў парадак, аднак габрэі вельмі ўсхваляваныя гэтым жудасным выпадкам. Людзі ўзгадваюць, што жоўты колер – сымбаль фашысцкага антысэмітызму.

Увогуле Бабруйск заўсёды лічыўся габрэйскім горадам. У мінулыя часы насельніцтва яго на 80% складалася з габрэяў. Цяпер, пасьля іх масавага адъезду на гістарычную радзіму, у Бабруйску засталося толькі 4,5 тысячы габрэяў, а гэта менш за 1% ад агульнай колькасьці гараджанаў. Тым ня менш, у Бабруйску заўсёды з павагай ставіліся да габрэяў і іх культуры, летась грамадзе перадалі будынак сінагогі.

Выпадкаў вандалізму на габрэйскіх могілках тут не было ніколі. Тры гады таму ў Баруйску быў гучны сканадал, калі на праваслаўных могілках так званыя сатаністы разбурылі некалькі дзясяткаў надмагільных помнікаў. Тады злачынцаў знайшлі, імі аказаліся падлеткі, навучэнцы вучылішчаў.

Таму ў Бабруйскім гарвыканкаме ўпэўненыя, што на габрэйскіх могілках таксама дзейнічалі звычайныя хуліганы. Першы намесьнік старшыні гарвыканкаму Ігар Кет сказаў, што ў такім спэцыфічным горадзе як Бабруйск ня можа быць і гаворкі пра міжнацыянальную варожасьць, і падставаў для хваляваньняў, паводле яго меркаваньня, няма.

Кіраўнік габрэйскай грамады Леанід Рубінштэйн, насупраць, далёка ня ўпэўнены, што на габрэйскіх могілках шкодзілі дзеці. Тым больш, падкрэсьлівае ён, што падобныя акты вандалізму былі ў гэты ж час учыненыя таксама ў Берасьці і ў Менску. Леанід гаворыць, што ні для каго не сакрэт, што ў Бабруйску ёсьць “скінгеды”, прыхільнікі фашыстоўскай ідэалёгіі. “Калі не заўважаць праблему, то хутка могуць пачацца і пагромы габрэяў”, – сказаў кіраўнік супольнасьці.

Таму габрэі патрабуюць ад бабруйскіх уладаў захадаў, якія б не дапусьцілі распальваньня міжнацыянальнай варожасьці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства