Вернікі занепакоеныя прыняцьцем новага закону "Аб агульнай сярэдняй адукацыі"
16 чэрвеня Савет Рэспублікі ўхваліў праект новага Закону "Аб агульнай сярэдняй адукацыі". Змены, якія адрозніваюць новы Закон ад папярэдняга, насцярожылі прадстаўнікоў настаўніцкай супольнасці, бацькоў, веруючых розных дэнамінацыяў.
Паводле новага Закону істотна абмяжоўваюцца правы бацькоў - законных прадстаўнікоў дзіцяці - прадстаўляць інтарэсы сваіх дзяцей у пытаннях, якія тычацца адукацыі. У прыватнасці, бацькі пазбаўляюцца права выбіраць форму адукацыйнага працэсу. Гэта значыць, што тыя семі, якія пажадаюць навучаць сваіх дзяцей па-за дзяржаўнай сістэмай агульнай сярэдняй адукацыі, будуць пазбаўленыя права на гэта.
"Наколькі вядома, школа ў нас свецкая, а гэта значыць, што светапогляд і мараль, якія там выкладаюцца таксама свецкія. А што рабіць тым бацькам, якія хочуць навучаць сваіх дзяцей паводле Бібліі? пытаецца Святлана Светлая, педагог і спецыяліст у галіне адукацыі. - Чаму бацькоў, якія маюць найвялікшую адказнасць за дзяцей, пазбаўляюць права выбіраць, якім чынам вучыць сваё дзіця?"
Рух т.зв. "дамашніх школаў" у Беларусі толькі набірае моц. Веруючыя бацькі, занепакоеныя засіллем ідэалогіі, несвабоды і ціску на дзяцей з веруючых семях, не хочуць весці дзяцей у школу і навучаюць іх дома. Да апошняга часу законы Рэспублікі Беларусь дазвалялі атрымоўваць адукацыю па-за школьнымі сценамі і прадугледжвалі сістэму ацэнкі ўзроўню ведаў такіх вучняў. Як правіла, на іспытах дзеці, якія атрымалі "дамашнюю адукацыю" паказвалі вельмі высокі ўзровень ведаў. Ці захаваецца такая магчымасць і надалей? Адказ на гэтае пытанне ўсё больш клапоціць беларускіх веруючых.
"Шэраг вельмі важных пытанняў, звязаных з прыняццём новага Закону не былі вынесеныя на шырокае абмеркаванне. Ніхто не спытаўся меркавання тых, каго Закон у першую чаргу тычыцца бацькоў і педагогаў, - гаворыць Святлана Светлая. - Хоць там ўвесь час гаворыцца аб захаваньні псіхічнага і фізічнага здароўя нашых дзяцей, але ўмовы, у якія ставяцця дзеці, могуць ім толькі пашкодзіць."
У сярэдзіне траўня Закон падтрымалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь. Зараз Закон чакае подпісу прэзідэнта.
Марыя САВУШКІНА