Каля трохсот беларусаў будуць вучыцца ў польскіх навучальных установах
Урад Польшчы выдзеліў стыпендыю студэнтам, што былі выключаны з беларускіх ВНУ за апазіцыйную дзейнасць.
Як паведаміла pahonia.promedia.by са спасылкай на IAR, увесь ліпень і верасень беларусы будуць інтэнсіўна вывучаць польскую мову. А ў перапынку, у жніўні, яны будуць падарожнічаць па Польшчы і знаёміцца з нашай краінай, гаворыць дырэктар стыпендыі Ян Маліцкі са Студыюм Усходняй Еўропы Варшаўскага універсітэта. Студэнты ўбачаць найбольш вядомыя і слынныя месцы Польшчы. Пазнаёмяцца таксама з некалькімі студэнцкімі гарадкамі, дзе з кастрычніка будуць вучыцца.
З першага кастрычніка студэнты распачнуць навучанне ў дзяржаўных і прыватных ВНУ. Ян Маліцкі адзначыў, што ў большасці яны будуць працягваць тыя кірункі, на якіх вучыліся ў Беларусі. Магчымасць змены кірунка будзе магчыма толькі для тых, хто быў выключаны з першага курса навучання.