Звальненне за Народны сход у Баранавічах
Звольнена з працы сябра аргкамітэту Народнага сходу ў Баранавічах Анжэла Камбалава. Пасля заканчэння кантракта дырэктарка прыватнай невялікай фірмы “Белаграбудпадшыпнік”, дзе Камбалава 6 гадоў прапрацавала бухгалтарам, прапанавала ёй звольніцца па згодзе бакоў.
Па словах актывісткі, дырэктарка напалохалася магчымых праверак у выпадку, калі Камбалава застанецца ў іх працаваць. Дададзім, што на наступны дзень пасля таго, як на працоўным месцы актывістку наведала міліцыя для складання пратаколу за распаўсюд улётак пра Народны сход перад 8 кастрычніка, дырэктарка адправіла Камбалаву ў адпачынак.
З 16 кастрычніка Анжэла Камбалава папоўніць спіс беспрацоўных у Баранавічах. Ад грамадскай і палітычнай дзейнасці сябра АГП Камбалава адмаўляцца не збіраецца.