Арыштаваная ўдзельніца Народнага сходу ў Бабруйску абскарджвае свой арышт
Учора, 15 лістапада, удзельніца Народнага сходу ў Бабруйску Галіна Смірнова абскардзіла свой адміністрацыйны арышт у вышэйстаячай інстанцыі. Пра гэта паведаміў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель.
“Сёння Галіна пазваніла мне з ізалятара, дзе адбывае адміністрацыйнае пакаранне і кансультавалася, як скласці скаргу, і на якія моманты звярнуць увагу пры яе складанні, - гаворыць Барыс Бухель. - Я ёй усё расказаў, бо быў апошні дзень, калі рашэнне раённага суда можна было абскардзіць у Магілёўскім абласным судзе”.
Нагадаем, што Галіна Смірнова была асуджана на пяць сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел ў Народным сходзе. Суддзя Наталля Шэгеда цікавілася, чаму жанчына задаволена ўсміхалася, калі здымала відэа на свой мабільны тэлефон.
Акрамя Смірновай у Бабруйску дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту за Народны сход атрымаў Віктар Бузінаеў, трое сутак - Канстанцін Локцеў. Яны ўжо выйшлі на волю.