viasna on patreon

У Маскоўскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы Аляксандра Казуліна

2006 2006-07-06T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

А 12-ай гадзіне судзьдзя Аляксей Рыбакоў выдаліў з судовай залі ўсіх прысутных  фармальна за гоман. Як перадае карэспандэнт "Свабоды", які сочыць за хадой працэсу, сваякі Аляксандра Казуліна пачалі сьмяяцца пасьля таго, як пракурор заявіў, што дачка Казуліна Вольга, юрыстка з адукацыі, ня мае права абараняць свайго бацьку, паколькі ня мае ліцэнзіі на такую дзейнасьць. Аднак, як сьцьвярджаюць праваабаронцы, паводле закону, родныя маюць права абараняць сваіх сямейнікаў і без атрыманьня адпаведнай ліцэнзіі.
Суд адхіліў хадайніцтва Аляксандра Казуліна пра тое, каб яму вярнулі рэмень (за кратамі ён схуднеў на 10 кіляграмаў і вымушаны падтрымліваць нагавіцы рукамі, калі ўстае).
Цяпер у судовым працэсе перапынак, судзьдзя вырашае лёс пададзеных хадайніцтваў. У адным зь іх Аляксандар Казулін просіць зьмяніць яму меру стрыманьня і вызваліць з-пад варты, паколькі лічыць, што злачынствы, у якіх яго абвінавачваюць, не зьяўляюцца цяжкімі.

* * *
Судовы працэс над экс-кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным пачаўся са спазьненьнем. У судовую залю пусьцілі толькі сваякоў, абаронцаў, дыпляматаў і некаторых журналістаў. Адміністрацыя суду патлумачыла гэта невялікім памерам судовай залі. Як паведаміў "Свабодзе" праваабаронца Алег Воўчак, на працэсе сярод прысутных знаходзяцца каля 10 коратка паголеных людзей у цывільным. Паводле Воўчака, гэта супрацоўнікі спэцслужбаў.
Калі Аляксандра Казуліна прывялі ў судовую залю, прысутныя каля 3 хвілінаў віталі яго воплескамі, на што судзьдзя Аляксей Рыбакоў зрабіў заўвагу прысутным.
Абаронцы заявілі суду шэраг хадайніцтваў, у тым ліку і аб тым, каб для працэсу выдзелілі большую залю.
З залі суду ўжо выйшаў амбасадар Нямеччыны, і на пытаньне журналістаў, палітычным ці крымінальным лічыць ён гэты працэс, адказаў, што судзяць менавіта экс-кандыдата ў прэзыдэнты.
У суд Маскоўскага раёну Менску падтрымаць Аляксандра Казуліна сёньня прыйшлі многія вядомыя палітыкі і грамадзкія дзеячы, у тым ліку Аляксандар Мілінкевіч, Мікола Статкевіч, Валеры Леванеўскі, Вінцук Вячорка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства