Суд наконт забароны пікетаў пачаўся фактычна ў закрытым рэжыме
У судзе Ленінскага раёна Брэста пачаўся разгляд справы, ініцыяванай жыхарамі горада супраць мясцовага гарвыканкаму, які забараняе ладзіць пікеты. У прыватнасці, размова ідзе пра спробу грамадскіх актывістаў правесці ў Брэсце шэраг пікетаў: арганізатары збіраліся такім спосабам выступіць супраць рэпрэсіяў у адносінах да апанентаў улады і праявіць сваю салідарнаць з палітычнымі вязнямі.
Як паведаміў адзін з арганізатараў гэтых пікетаў Віктар Чайкоўскі, ужо напачатку працэсу суддзя Ала Вінаградава заявіла, што пры разглядзе справы будуць прысутнічаць толькі чатыры заяўнікі, бо ў службовым памяшканні больш няма месцаў. Між тым, назіраць за працэсам пажадалі прыблізна 15 чалавек, таму заяўнікі прапанавалі суддзі перанесці разгляд справы, якая выклікала такі рэзананс, у іншае памяшканне. Аднак Ала Вінаградава гэтае хадайніцтва адхіліла. “Фактычна суддзя зрабіла працэс закрытым, - кажа Віктар Чайкоўскі. – Тады два заяўнікі (Раман Кісляк і Зміцер Шурхай) у якасці пратэсту пакінулі памяшканне і накіраваліся ў абласны суд, дзе склалі скаргу на дзеянні суддзі Вінаградавай”.
Што тычыцца самога працэссу, дык паводле словаў Чайкоўскага, прадстаўніца Брэсцкага гарвыканкаму спрабавала давесці, што забарона на правядзене пікетаў цалкам абгрунтавана, бо ў заяўнікаў не было дамовы з міліцыяй, медыцынскай установай і камунальнымі службамі, без якой нібыта ладзіць пікет нельга. Акрамя таго, падобныя акцыі ў Брэсце дазваляецца праводзіць выключна на стадыёне “Лакаматыў” і ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў. У адказ Віктар Чайкоўскі прывёў у судзе шмат прыкладаў, калі ўлады ладзяць масавыя мерапрыемствы ў іншых месцах без якіх-небудзь абмежаванняў. Высветлілася таксама, што юрыст гарвыканкам нават не ведае, дзе ў Брэсце знаходзіцца стадыён “Лакаматыў”, які вызначаны мясцовымі ўладамі як месца, дзе можна праводзіць пікеты.
Працяг разгляду гэтай справы ў судзе прызначаны на 23 лістапада.