Бабруйскія супрацоўнікі КДБ змагаюцца з “Новым часам”
Супрацоўнікі бабруйскага КДБ папярэдзілі кіроўцоў маршрутак аб тым, што прывозіць у Бабруйск газету “Новы час” нельга, інакш у іх будуць вялікія праблемы. Пра гэта паведаміла грамадская актывістка з горада Бабруйска Вольга Піманава, якая ўжо на працягу некалькіх гадоў распаўсюджвае газету ў Бабруйску сярод сяброў і знаёмых
“Нам на працягу ўжо некалькіх гадоў з Мінска перадаюць праз кіроўцаў маршрутных таксі газету “Новы час”, якая з’яўляецца зарэгістраваным выданнем і можа распаўсюджвацца абсалютна свабодна, - распавядае Вольга Піманава. – Я тут у Бабруйску распаўсюджваю газету сярод сяброў і знаёмых, проста сярод людзей, для якіх цікавая гэта газета. Трэба сказаць, што і больш людзей зараз сталі чытаць у Бабруйску “Новы час”. Калі раней я распаўсюджвала 200 экзэмпляраў, то на працягу апошніх месяцаў і 400 не заўсёды хапала. Аднак на гэтым тыдні газету мне не прывезлі. Кіроўца маршруткі, праз якую перадавалі “Новы час” ужо доўгі перыяд, сказаў, што больш прывозіць газету не будзе, бо з ім пагутарылі супрацоўнікі бабруйкага КДБ і паабяцалі вялікія праблемы. Іншыя кіроўцы таксама адмаўляюцца дастаўляць газету, бо з імі ўсімі адбылася “прафілактычная гутарка” з удзелам супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Мяне гэта вельмі здзівіла, наколькі я ведаю, у іншых рэгіёнах такіх праблем з распаўсюдам “Новага часу” не ўзнікала, гэта ж афіцыйна зарэгістраваная газета”.
Па словах Вольгі Піманавай, зараз бабруйскія грмадскія актывісты думаюць над пытаннем, як арганізаваць дастаўку газеты ў горад на Беразіне.