КДБ не вяртае відэакамеру Зміцеру Салаўёву
Нягледзячы на неаднаразовыя звароты, супрацоўнікі ўпраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці да гэтага часу не вярнулі асабістую відэакамеру Зміцеру Салаўёву. Відэакамера была канфіскаваная яшчэ 15 студзеня 2011 года падчас правядзення ператрусу ў кватэры ў Магілёве ў старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі Руху БНФ “Адраджэнне” Зміцера Салаўёва разам з сістэмным блокам камп’ютара і флэшкай.
Камп’ютар і флэшку супрацоўнікі КДБ вярнулі летам гэтага года, відэакамеру ж пакінулі з тлумачэннем, што яна быццам бы патрэбна ў якасці рэчавага доказа пры разглядзе крымінальных спраў аб падзеях 19 снежня 2010 года ў Мінску. Між тым разгляд апошняй крымінальнай справы аб падзеях на Плошчы даўно скончыўся, а відэакамеру грамадскаму актывісту не павяртаюць, нягледзечы на яго неаднаразовыя звароты.
“Я вельмі здзіўлены такімі паводзінамі супрацоўнікаў КДБ, - кажа Зміцер Салаўёў. - Разгляд крымінальных спраў аб падзеях на Плошчы даўно завершаны, а відэакамеру вяртаць супрацоўнікі магілёўскага КДБ усё роўна адмаўляюцца, нягледзячы на мае неаднаразовыя звароты і тэлефанаванні. Абсалютна незразумела, для якіх мэтаў ім зараз патрэбна мая асабістая відэакамера, тут можна падумаць усё, што заўгодна. На гэтым тыдні я буду пісаць скаргу ў Генеральную пракуратуру, калі ніякай рэакцыі не будзе, давядзецца звяртацца ў суд”.
Таксама ў сваёй скарге Зміцер Салаўёў збіраецца запытацца ў Генеральнага пракурора, у якой ступені ён можа нязначна парушаць Закон. Справа ў тым, што падчас папярэдніх абскарджанняў парушэнняў патрабаванняў беларускага заканадаўства супрацоўнікамі КДБ пры правядзенні ператрусу ў кватэры Зміцера Салаўёва, грамадскі актывіст атрымаў адказ, што парушэнні закону супрацоўнікамі магілёўскагаа КДБ нязначныя, таму да нейкай адказнасці яны прыцягнутыя не будуць.
“Хачу запытацца ў Генеральнага пракурора, у якой ступені мне нязначна можна парушаць Закон?. Бо калі яго “нязначна” парушыць дазваляецца супрацоўнікам КДБ, то чаму нельга мне, мы ж грамадзяне адной краіны?” – выказвае сваё меркаванне Зміцер Салаўёў.
Нагадаем, што Зміцера Салаўёва неаднаразова дапытвалі ў якасці сведкі па справе аб падзеях 19 снежня 2010 года ў Мінску супрацоўнікі Магілёўскага ўпраўлення КДБ і вайсковай контрвыведкі. Пры адным з допытаў адбыўся цікавы выпадак, які сведчыць аб узроўні адукаванасці супрацоўнікаў беларускіх спецслужбаў: 31 студзеня 2011 года Зміцера дапытваў аб падзеях на Плошчы супрацоўнік УКДБ па Магілёўскай вобласці Андрэй Махуноў. Тады следчага, акрамя падзей на Плошчы, вельмі зацікавіў верш Янкі Купалы “На сход”, што быў знойдзены на канфіскаваным камп’ютары Зміцера Салаўёва. У прыватнасці, супрацоўніка КДБ вельмі цікавіла, «хто падрыхтаваў гэта дакумент і каму ён належыць».
Зміцер Салаўёў неаднаразова абскарджваў дзеянні супрацоўнікаў КДБ пры правядзенні ператруса ў судах розных узроўняў.