Барысаўскія праваабаронцы падалі заяўку на пікет
Барысаўскія праваабаронцы Марына Статкевіч і Алег Мацкевіч ў панядзелак, 21 лістапада, падалі ў мясцовы райвыканкам заяўку на правядзенне пікету, прымеркаванага да міжнароднага Дня абароны правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня.
Варта адзначыць, што ў Барысаве на працягу апошніх пяці гадоў ўлады не давалі згоду на правядзенне ні адной масавай акцыі дэмакратычных актывістаў. У 2009 годзе праваабаронцы ўжо спрабавалі правесці пікет у Дзень абароны правоў чалавека, падавалі заяўку ў выканкам і атрымалі адмову. Гэтае рашэнне ўладаў было аспрэчана ў судзе, аднак, Барысаўскі раённы суд палічыў адмову правамернай. Праваабаронцы прайшлі ўсе нацыянальныя судовыя інстанцыі ў спробе даказаць незаконнасць адмовы, але апынуліся ў пройгрышы.
Пасля гэтага праваабаронца Алег Мацкевіч звярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека з індывідуальнай скаргай на парушэнне права на свабоду мірных сходаў і зараз чакае разгляду справы там. Пакуль цяжка казаць, ці зменіць сваю пазіцыю Барысаўскі райвыканкам на гэты раз.