Абразлівыя артыкулы пра Алеся Бяляцкага працягваюць разгульваць па “раёнках”
Артыкул за подпісам Дзяніса Паляванава, але ўжо з назовам "Тайны политбизнеса" замест "Как "правозащитник" Беляцкий устроил себе красивую жизнь", надрукавалі раённыя газеты Віцебшчыны - “Пастаўскі край” і “Веснік Глыбоччыны”.
Артыкулы з’явіліся на працягу мінулага тыдня і толькі ў папяровым варыянце газеты: на інтэрнэт-сайтах “Пастаўскага краю” і “Весніка Глыбоччыны” іх няма.
“Раёнкі” Віцебшчыны далучыліся да кампаніі перадрукоўкі артыкула пра Алеся Бяляцкага ў ліку апошніх - самымі першымі ў гэтым сэнсе былі віцебскія абласныя газеты “Віцебскі рабочы” і “Народнае слова”. Яны надрукавалі артыкул Дзяніса Паляванава, дзе ачарняецца дзейнасць праваабарончага цэнтру “Вясна” і яго кіраўніка Алеся Бяляцкага яшчэ 6 лістапада, калі ў Мінску яшчэ толькі ішоў судовы працэс.