viasna on patreon

Мінгарсуд не ўстаў на абарону адваката Алега Агеева

2011 2011-12-02T11:14:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mingarsud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28 лістапада 2011 года судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда ў складзе Н. Жупікавай, А. Антоненка, І. Лазавіковай разгледзела грамадзянскую справу па скарзе адваката Алега Агеева на неправамерныя дзеяньні Міністэрства юстыцыі па спыненні дзеяння ягонай ліцэнзіі на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці.

Прадстаўніком грамадскасці ў працэсе быў дапушчаны РПГА «Беларускі хельсінскі камітэт».

Вызначэннем судовай калегіі рашэнне суда Маскоўскага р-на г. Мінска ад 26 красавіка 2011 года, (cуддзя Л. Сімахіна), пакінута без змены, а касацыйная скарга А. Агеева – без задавальнення.

Раней, у жніўні 2011 года, грамадзянская справа была знята з разгляду ў Менгарсудзе ў сувязі з дапушчанымі судом першай інстанцыі парушэннямі працэсуальнага заканадаўства і вернутая для іх ліквідацыі ў суд Маскоўскага р-на. 10 лістапада справу паўторна знялі з разгляду касацыйнай інстанцыяй на аналагічных падставах.

Нагадаем, 14 лютага 2011года Міністэрства юстыцыі прыняло рашэнне аб спыненні дзеяння адвакацкай ліцэнзіі Алега Агеева за прадастаўленне ліцэнзуючаму органу недакладных звестак; паўторнае пасля вынесенага прадпісання парушэнне заканадаўства; здзяйсненне правіны, не сумяшчальнай са званнем адваката.

Варта адзначыць, што прэтэнзіі да Агеева з'явіліся ў Мінюста ў снежні 2010 года пасля таго, як ён прыняў на сябе абарону інтарэсаў кандыдата ў прэзідэнты А. Міхалевіча.

2011/01/05 яму разам з іншымі адвакатамі Мінюст вынес прадпісанне, за інтэрв'ю «Еўрарадыё».

На думку Мінюста, А. Агееў у некарэктнай форме выказаўся пра арганізацыю працы СІЗА КДБ. Аднак з самой публікацыі ўгледжваецца, што адзнак і каментароў агульнага характару адносна дзеянняў праваахоўных органаў карэспандэнтам СМІ ён не даваў; адвакат распавёў аб парадку перадач асобам, якія змяшчаюцца ў СІЗА КДБ.

Пры гэтым, нават калі пагадзіцца з ацэнкай выказванняў адваката, вызначанай Мінюстам, то ўжываць паказанае паведамленне ў СМІ, як падставу для вынясення прадпісання і наступнага пазбаўлення ліцэнзіі, не дазваляе закон.

Згодна з ч.5 арт. 17 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб адвакатуры» адвакат пры ажыццяўленні сваёй прафесійнай дзейнасці карыстаецца свабодай слова ў вуснай і пісьмовай формах ў межах, вызначаных задачамі адвакатуры і палажэннямі гэтага Закона. Такім чынам, дадзенае права на свабоду слова ахоўваецца законам і не павінна пераследавацца.

Акрамя таго, Палажэнне аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці, на падставе якога А. Агееву вынесена прадпісанне, ўступіла ў сілу толькі з 1 студзеня 2011 г., у той час як "парушэнне", якое ставіцца ў віну адвакату, адносіцца да снежня 2010 года. Таму дзейнічаюць агульныя правілы адсутнасці зваротнай сілы нарматыўнага прававога акта. Адпаведна, сам факт ужывання норм прававога акта да абставінаў, якія адбыліся да ўступлення яго ў законную сілу, ёсць незаконным.

Таксама ў якасці падстаў для спынення дзеяння адвакацкай ліцэнзіі Мінюст залічыў А. Агееву такое парушэнне, як «прадастаўленне ліцэнзуючым органам недакладных звестак, як падстава для пазбаўлення ліцэнзіі», якое прадугледжана п.85 Палажэння аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці. Аднак на гэтай падставе дзеянне ліцэнзіі можа быць спынена толькі па рашэнні суда і знаходзіцца па-за межамі паўнамоцтваў Міністэрства юстыцыі.

Паняцце «правіны, не сумяшчальнай са званнем адваката» ў заканадаўстве аб адвакатуры адсутнічае. Такая ацэнка дзеянням адваката можа быць дадзена толькі ў межах дысцыплінарнай працэдуры калегіі, у парадку, прадугледжаным Законам "Аб адвакатуры" і Пастановай Міністэрства юстыцыі «Аб некаторых пытаннях ужывання да адвакатаў мераў дысцыплінарнай адказнасці», з захаваннем гарантый удзелу самога адваката ў дадзенай працэдуры. Пры гэтым пазбаўленне адвакацкага статусу на гэтай падставе таксама выходзіць па-за межы паўнамоцтваў Міністэрства юстыцыі. Мінюст прысвойвае сабе паўнамоцтвы органа адвакацкага самакіравання, паколькі, згодна з Законам аб адвакатуры, устанаўленне «правіны, не сумяшчальнай са званнем адваката», ёсць выключнай кампетэнцыяй органа калегіі адвакатаў.

Такім чынам, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам ні адна з прыведзеных Міністэрствам юстыцыі падставаў не можа быць пакладзена ў аснову рашэння аб спыненні ў дачыненні да Агеева дзеяння ліцэнзіі на занятак адвакацкай дзейнасцю.

Нагадаем, што пасля таго, як у студзені 2011 года прэзідыум МГКА не ўгледзеў ў дзеяннях сваіх калегаў парушэнняў заканадаўства пры размяшчэнні інфармацыі ў СМІ, Мінюст сумесна з КДБ ініцыяваў праверку ў Мінскай гарадской калегіі, па выніках якой 14 лютага 2011 г. пазбавіў ліцэнзій В. Тоўсціка, Т. Гараеву, А. Агеева і Т. Агееву, якія абаранялі удзельнікаў падзей 19 снежня.

Кіраўнік Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксандр Пыльчанка 18 лютага 2011 г. у інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН паведаміў, што "ў дачыненні да гэтых 4 адвакатаў ніякіх паданняў па іх прафесійнай дзейнасці Мінскай гарадской калегіяй не ўносілася, ніякіх дысцыплінарных вытворчасцяў у дачыненні да іх не ўзбуджалася». На ягоную думку «механізм спынення дзеяння ліцэнзій адвакатаў без уважлівага разгляду, які апрабаваны сёння ў рэспубліцы, ставіць у залежнасць ўсіх адвакатаў ад Мінюста. У адпаведнасці з міжнароднай практыкай і з нашага пункту гледжання такія рашэнні і правілы прымаюцца выключна адвакацкай супольнасцю ».

Ні адзін з чатырох названых адвакатаў не быў запрошаны на пасяджэнне Кваліфікацыйнай камісіі і Калегіі Мінюста, на якім вырашалася пытанне аб пазбаўленні іх ліцэнзій, з прычыны чаго яны былі пазбаўленыя магчымасці выступіць у сваю абарону.

Ужыванне Міністэрствам юстыцыі санкцый у выглядзе вынясення прадпісанняў і спынення дзеяння ліцэнзіі за выступы ў СМІ мае эфект уздзеяння і на іншых адвакатаў, якія пад страхам прыцягнення да адказнасці ўстрымліваюцца і будуць устрымлівацца ад публічнага выказвання нават абгрунтаваных негатыўных адзнак у адносінах да дзеянняў дзяржаўных органаў. Сёння многія адвакаты на розных падставах адмаўляюцца ад удзелу ў справах, якія маюць хоць нейкае палітычнае адценне.

Неабходна адзначыць, што сама працэдура разгляду правіны адваката не ўрэгуляваная ў поўнай меры на заканадаўчым узроўні і ўжываецца Кваліфікацыйнай камісіяй абсалютна адвольна. Не ўстаноўлена крытэраў, у якім выпадку Мінюст выносіць прадстаўленне аб узбуджэнні ў дачыненні да адваката дысцыплінарнай вытворчасці ў межах калегіі адвакатаў, а ў якім выпадку ягоную справу разглядае непасрэдна ліцэнзуючы орган. Не вызначана, хто прымае рашэнне аб выбары працэдуры. Практыка паказала, што мае месца выбарчы падыход у выбары адвакатаў, якія прайшлі працэдуру спынення ліцэнзіі Міністэрствам юстыцыі. Адсутнічае ў заканадаўстве і патрабаванне прапарцыйнасці пакарання ў выглядзе спынення дзеяння ліцэнзіі цяжару і наступствам здзейсненай правіны, уліку дзелавых і маральных якасцяў адваката. На практыцы гэта прывяло да таго, што пазбаўленьне ліцэнзіі адбываецца і ў выпадку выяўлення фармальных парушэнняў парадку запаўнення дакументаў справаздачнасці адваката, які сам па сабе не ўплывае на якасць аказваемай адвакатам юрыдычнай дапамогі, як гэта мела месца ў дачыненні да Т. Сідарэнка, А. Агеева і Т. Агеевай.

Можна зрабіць выснову, што працэдура спынення дзеяння ліцэнзіі на права заняткаў адвакацкай дзейнасцю, якая ажыццяўляецца Міністэрствам юстыцыі, не з'яўляецца справядлівай і не адпавядае стандартам незалежнасці адваката ні ў плане заканадаўчага рэгулявання, ні ў святле практычнага прымянення.

Усе адвакаты, пазбаўленыя ліцэнзіі, абскардзілі неправамерныя дзеянні Міністэрства юстыцыі ў суд, аднак суд Маскоўскага р-на і Мінскі гарадскі суд падтрымалі пазіцыю Мінюста. Апошняе слова засталося за Вярхоўным Судом – найвышэйшай судовай нагляднай інстанцыяй ў Рэспубліцы Беларусь.

А. Агееў быў сябрам Мінскай гарадской калегіі адвакатаў з 2003 года. За перыяд работы неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі і падзякамі за высокі прафесіяналізм у галіне абароны правоў і свабод грамадзян. У чэрвені 2010 года агульным сходам калегіі быў абраны ў склад Прэзідыума МГКА. Да дысцыплінарнай адказнасці не прыцягваўся, скаргаў ад кліентаў і праваахоўных органаў у дачыненні да яго не паступала.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства