Прымусовая падпіска на дзяржпрапаганду працягваецца
Пра гэта салігорскім праваабаронцам паведамляюць супрацоўнікі ААТ “Беларуськалій”.
Праблема прымусовай падпіскі на дзяржаўныя выданні ў Салігорску назіраецца ўжо доўгія гады. “Брудную” працу звычайна выконваюць ідэалагічныя аддзелы прадпрыемстваў па разнарадцы з выканкаму. На ААТ “Беларуськалій” гэткая практыка мае перманентны масавы характар.
- Заробкі ў Белкаліі ўсё ж такі вышэйшыя за сярэднія, таму, відаць, кіраўніцтва раёну і прадпрыемства лічыць нармальным незаконнае выцягванне грошай з работнікаў на розныя ідэалагічныя выбрыкі дзяржавы кшталту абавяковай падпіскі, пабораў на будаўніцтва лядовых палацаў ці праваслаўных храмаў, - кажуць на калійным камбінаце.
Варта адзначыць, што кіраўніцтва прадпрыемства прызнае факты такога прымусу і не грэбуе публічнымі пагрозамі на адрас патэнцыйных адмаўленцаў.
- Гэта справа [сбор сродкаў на будаўніцтва храма і падпіска на газеты - заўв.аўт.] павінна быць абсалютна дабравольнай. Але мы працуем на гэтым прадпрыемстве, у гэтым горадзе, у гэтай дзяржаве. Калі камусьці не падабаецца, ёсць іншыя варыянты. Можа нехта куды-небудзь пажадае перайсці? Калі не жадае, давайце дапамагаць гораду, - заявіў падчас выступу на справаздачнай канферэнцыі выканаўчага бюро Незалежнага прафсаюза гарнякоў 1-га рудаўпраўлення запрошаны прадстаўнік наймальніка дырэктар САФ-1 ААТ “Беларуськалій” Пятрашка.
Па словах супрацоўнікаў прадпрыемства, абавязковая падпіска з’яўляецца першай умовай пры ўладкаванні на працу ці ўздыме ўверх па службовай лесвіцы.