За скаргу ў Адміністрацыю прэзідэнта магілёўскага аспіранта выжываюць з аспірантуры
Паступаючы ў аспірантуру Інстытута Фізіалогіі НАН Беларусі, магілёвец Аляксей Паўлоўскі не падазраваў, што можа аказацца ў сітуацыі, калі за законнае патрабаванне ложка-месца ў інтэрнаце яго могуць адлічыць з вучобы.
“Ва ўведамленні, якое я атрымаў з інстытута, было пазначана, што пры прыездзе ў Мінск на вучобу мне дадуць койка-месца ў інтэрнаце. Аднак, калі я туды патрапіў, то аказалася, што гэтага месца няма і я, як і шэраг астатніх аспірантаў, вымушаны жыць на здымных кватэрах”, - расказвае Аляксей.
Аспірант вырашыў адстойваць права на месца ў інтэрнаце, бо, як стала вядома, каля 40% такіх месцаў займаюць не аспіранты, а былыя выпускнікі аспірантуры і іншыя асобы.
“Я накіраваў ліст у Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства адукацыі з просьбай разабрацца ў сітуацыі і прадаставіць мне, а таксама яшчэ чатыром аспірантам, падпісаўшымся пад патрабаваннем, ложка-месцы ў інтэрнаце. У адваротным выпадку мы пагражалі правядзеннем крэатыўнай акцыі пад назвай “За квітнеючую Беларусь з ложка-месцамі для ўсіх!”, - распавядае Аляксей. - З гэтага моманту ў нас пачаліся праблемы. Адміністрацыя Акадэміі выклікала ўсіх аспірантаў да сябе і пачала ціснуць на кожнага. Маўляў, калі не адклікаеце подпісы, то абараніць дысертацыю ніяк не атрымаецца. У выніку подпіс не адклікаў толькі я”.
Аспірант кажа, што праз гэтага яму ўжо тры тыдні не могуць зацвердзіць навуковага кіраўніка. Папярэдне зацверджаны выкладчык заднім чыслом адмовіўся ад яго. Калі Аляксею не зацвердзяць тэму дысертацыі, то ён можа “вылецець” з аспірантуры.
“Іншым аспірантам ужо пачалі даваць ложка-месцы, а мне не далі. Сказалі, што я знаходжуся ў спісе на адлічэнне і маё становішча няпэўнае. Яны не бачаць сэнсу даваць інтэрнат аспіранту, які вось-вось будзе выключаны з аспірантуры. Нехта даў такі загад з Прэзідыума, бо калі мяне туды засяліць – потым будзе складана выселіць”, - кажа Аляксей.
Акрамя гэтага ён адзначае, што даведаўся пра загад не пускаць яго на заняткі па беларускай мове.
“Учора днём я прыйшоў на беларускую мову, дзе мяне не аказалася ў спісах навучэнцаў. Я папрасіў, каб выкладчыца мяне ўнесла ў спіс прысутных, што яна і зрабіла. Я спытаў, ці было такое распараджэнне, каб мяне не пускалі на заняткі. Яна сказала, што так, аднак з яе дазволу я пакуль магу хадзіць на заняткі, бо распараджэнне было вуснае”, - дадае Паўлоўскі.
Аспірант адзначае, што надалей будзе бараніць права на ложка-месца і магчымасць працягваць адукацыю ў аспірантуры - праз Пракуратуру і Камітэт дзяржкантролю.
Сёння Аляксею Паўлоўскаму прызначылі чацвёртага па ліку навуковага кіраўніка, аднак колькі часу ён такім прабудзе – для яго застаецца пытаннем. Канешне ж, Аляксею застаецца толькі спадзявацца на лепшае.