У Брэсце пачаў выдавацца праваабарончы бюлетэнь
Гэтая ініцыятыва належыць мясцовым актывістам Беларускага Хельсінкскага камітэту. Распаўсюджваецца “Брэсцкае права” сярод сябраў грамадскіх арганізацый, палітычных партый і звычайных берасцейцаў, якія цікавяцца праваабарончай тэматыкай.
Галоўная ўвага ў бюлетэні засяроджана на фактах парушэнняў правоў чалавека – як на Берасцейшчыне, так і па ўсёй Беларусі. У першым нумары, у прыватнасці, змешчаны маніторынг такіх парушэнняў і падаюцца парады юрыстаў, як весці сябе ў падобных сітуацыях.
Асобнае месца у выданні займае інфармацыя пра крымінальную справу, распачатую беларускімім ўладамі супраць Алеся Бяляцкага.
Як паведаміў рэгіянальны каардынатар БХК Ігар Маслоўскі, плануецца выдаваць бюлетэнь рэгулярна і рабіць акцэнт на парушэннях не толькі палітычных, але і сацаяльна-эканамічных і іншых правоў грамадзян. Таксама выдаўцы “Брэсцкага права” маюць намер пашырыць аўдыторыю, сярод якой будзе распаўсюджвацца бюлетэнь.