Пацярпелы за мову Андрэй Падаляк абскардзіў судовае рашэнне
Адпаведную скаргу актывіст бабруйскай моладзі БНФ падаў у Магілёўскі абласны суд. Хлопец не згодны з пастановай суду, бо лічыць, што выснова суду не адпавядае рэчаіснасці.
Паводле актывіста, у той дзень ён гучна размаўляў па-беларуску па мабільным тэлефоне на прыпынку грамадскага транспарта “Чырвоная зорка” у Магілёве, чым прыцягнуў увагу міліцыянтаў. Яны пачалі здзеквацца над ім. Ужо у пастарунку міліцыі, які размешчаны ў Пажарным завулку, міліцыянты правялі ролікам для дакталаскапіі Андрэю па твары, акунулі яго галавой ва ўнітаз, білі ў грудзі, апранулі на рукі кайданкі, парэзалі завязкі на ягоных бацінках.
“Судзя не прыняў да увагі той момант, што паказанні міліцыянтаў не адпавядаюць пратаколу аб адміністратыўным правапарушэнні. Паводле сведкаў-міліцыянтаў я пачаў мацюкацца, калі яны ўжо да мяне падыйшлі. У пратаколе ж пазначана, што я мацюкаўся і гэтым прыцягнуў увагу. Я сцвярджаю, што ніякіх супрацьпраўных дзеянняў я не рабіў, а толькі размаўляў па мабільніку. Апроч гэтага, быў парушаны прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Мяне яшчэ не прызналі вінаватым, аднак ужо паводзілі са мной як з зацятым злодзеем”, – адзначае Андрэй Падаляк.
Хлопец дадае, што яшчэ адным аргументам міліцыянтаў быў аргумент, што ў яго быў расшпілены прарэх джынсаў:
“Быў позні вечар і на мне было апранутае паліто, якое мне недзе па-калена. Як гэта можна было заўважыць? Тым болей, што ў суддзе адзін з міліцыянтаў сказаў, што я быў у куртцы”.
Нагадаем, што 24 лістапада суддзя Ленінскага раёна Магілёва Станіслаў Шандаровіч пакараў хлопца штрафам у памеры 525 тысяч рублёў за парушэнне грамадскага парадку. Паводле выраку суду, Андрэй Падаляк знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і мацюкаўся на прыпынку грамадскага транспарту, чым прыцягваў увагу грамадзянаў. На заўвагі міліцыянтаў ніяк не рэагаваў.