У Магілёве ў акцыі "Стоп-бензін" удзельнічаў адзін чалавек
ДАІ ўбачыла падазроную машыну, якая ехала з уключанай
аварыйнай сігналізацыяй, і прыпыніла яе каля плошчы Леніна. На машыне была
налепка "Мы супраць узвышэння коштаў на паліва". Кіроўца быў
аштрафаваны. На яго адразу было складзена тры пратаколы: за адсутнасць
тэхагляду, за бачныя змены на нумары і за нанясенне старонніх прадметаў на
машыну.
Тым не менш, штраф на месцы быў выпісаны на суму 17 500 рублёў за адсутнасць
тэхагляду. Разбіральніцтва па астатніх двух пратаколах кіроўцу чакае наперадзе.
Днямі ў сацыяльных сетках на старонках акцыі “Стоп-бензін у Магілёве” свой
ўдзел у акцыі пацвердзілі 12 чалавек. Аднак, з'явіўся толькі адзін.
Трэба адзначыць, што 5 снежня ДАІ добра падрыхтавалася да акцыі і чакала яе
ўдзельнікаў з шасці вечара да паловы на дзевятую. Два пасты ДАІ знаходзіліся па
вуліцы Першамайскай, каля будынку гарвыканкама, два – насупраць будынку
аблвыканкаму па праспекце Міру. Яшчэ некалькі ДАІшнікаў знаходзіліся на вуліцы
Міронава. Некалькі машын ДАІ патрулявалі праспект Міру.
Нагадаем, што акцыя “Стоп-бензін” мусіла прайсці з нагоды таго, што кошты на паліва
ўзняліся 3 снежня прыкладна на 10%. Гэта было адзінаццатае ад пачатку года
падаражанне паліва, з улікам якога кошты выраслі амаль удвая.У мінулы раз акцыя
“Стоп-бензін” у Магілёве налічвала чатыры аўтамабілі, пазамінулы - дванаццаць.