У Брэсце зноў абскарждваюць рашэнне пра забарону пікетаў
У Брэсцкі абласны суд накіравана скарга грамадскіх актывістаў, якія спрабуюць аспрэчыць адмову ўладаў абласнога цэнтру, якія не далі дазвол на правядзенне пікетаў у падтрымку патізняволеных.
Як паведаміў адзін з ініцыятараў правядзення забароненых акцый Віктар Чайкоўскі, нягледзячы на тое, што суд Ленінскага раёна Брэста іх скаргу на рашэнне мясцовага гарвыканкама адхіліў, ён і яго паплечнікі вырашылі звяртацца ў іншыя судовыя інстанцыі. “Мы не згодныя з тым, што гарадскія ўлады сістэматычна парушаюць заканадаўства і нашы канстытуцыйныя правы: а інакш нельга растлумачыць, чаму па надуманых прычынах забараняюцца пікеты ці нас адпраўляюць у рэзервацыю, якой з’яўляецца стадыён “Лакаматыў”, - кажа Віктар Чайкоўскі. – У той жа час сам гарвыканкам ладзіць масавыя мерапрыемствы у любы час і ў любым месцы, калі гэта зручна уладам”.
Сваёй скаргай у абласны суд грамадскія актывісты спрабуюць яшчэ раз звярнуць увагу грамадскасці на абаставіны шматлікіх забаронаў пікетаў у Брэсце і давесці жыхарам горада, што трэба адстойваць свае правы на выказванне думкі і правядзенне масавых мерапрыемстваў.