viasna on patreon

Хілары Клінтан: Правы чалавека ў Беларусі працягваюць парушаць

2011 2011-12-06T13:35:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Беларусі працягваюць парушаць правы чалавека, заявіла дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан 6 снежня на 18-й сесіі Савета міністраў АБСЕ ў Вільнюсе.

У прыватнасці, падкрэсліла Клінтан, у Беларусі працягваецца пераслед праваабаронцаў. "Алесь Бяляцкі нядаўна быў асуджаны нібыта за нявыплату падаткаў. Але рэальна яго асудзілі за тое, што ён абараняў правы іншых", — заявіла дзяржсакратар ЗША. 

Акрамя Бяляцкага, адзначыла яна, у Беларусі ёсць і іншыя палітзняволеныя, у прыватнасці экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч.

Хілары Клінтан таксама паведаміла, што сёння адбудзецца яе сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці краін — членаў АБСЕ, у тым ліку Беларусі, на якой будуць абмяркоўвацца новыя выклікі ў сферы абароны правоў чалавека і магчымасці барацьбы з імі.

Сесія Савета міністраў АБСЕ будзе працаваць 6—7 снежня. Удзел у сесіі бяруць міністры замежных спраў 56 краін — членаў АБСЕ, у тым ліку кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў.

Як паведаміла МЗС Літвы, у ходзе сесіі чакаецца прыняцце важных рашэнняў адносна бяспечнай працы журналістаў і энергетычнай бяспекі, барацьбы з кібернетычнымі пагрозамі і распаўсюджваннем наркотыкаў, умацавання даверу ў ваеннай сферы і сферы бяспекі. 

Беларуская дэлегацыя мае намер прапанаваць АБСЕ распрацаваць універсальныя стандарты правядзення і ацэнкі выбараў, а таксама назірання за імі. Акрамя таго, як паведаміла МЗС Беларусі, беларускі бок плануе ініцыяваць абмеркаванне пытанняў, якія тычацца свабоды перамяшчэння і лібералізацыі візавых працэдур. Таксама Беларусь прапануе АБСЕ, як рэгіянальнай арганізацыі, вызначыць фармат свайго ўдзелу ў глабальным плане ААН па барацьбе з гандлем людзьмі. У рамках сесіі запланаваны двухбаковыя сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства