viasna on patreon

У Віцебску суд за Народны сход скончыўся штрафамі

2011 2011-12-06T23:23:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vitebsk_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ірына Яскевіч і Таццяна Севярынец

Ірына Яскевіч і Таццяна Севярынец

Суд не стаў на бок Ірыны Яскевіч і Таццяны Севярынец, якія тлумачылі, што праводзілі менавіта мясцовы сход, на які не патрэбны дазвол уладаў. Суддзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская падтрымала меркаванне супрацоўнікаў міліцыі, якія склалі на актывістак пратаколы за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.

Дарэчы, аўтараў пратаколаў – супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС, суддзя катэгарычна адмовілася выклікаць у якасці сведак.

“Я заяўляла пра гэта хадайніцтва цэлых пяць разоў. Бо мне трэба было задаць пытанне, чым кіраваліся людзі, якія не былі на імпрэзе, але завочна вырашылі, што гэта была несанкцыянаваная масавая акцыя. Але спадарыня Грабоўская кожнага разу мне адказвала, апелюючы да таго, што 5 снежня ў судзе ўжо выступалі прадстаўнікі міліцыі, выкліканыя раней”, - распавяла Ірына Яскевіч.

На яе думку, суддзя відавочна спяшалася завяршыць судовы працэс і відавочна ігнаравала інтарэсы падсудных актывістак. Калі праваабаронца Павел Левінаў зрабіў ёй уголас некалькі заўвагаў, спадарыня Грабоўская выдаліла яго з судовай залі.

Таццяна Севярынец, падкрэсліўшы, што суду перададзены ўсе дакументы пра падрыхтоўку сходу, рэзалюцыя, якую прынялі прысутныя, а таксама фотаматэрыялы з інтэрнэту, прасіла суд быць аб’ектыўным:

“Раз мы праводзілі менавіта сход, што пацвердзілі ўсе сведкі, нават супрацоўнікі міліцыі, то няхай бы нашу справу разглядалі з кропкі гледжання закону пра мясцовыя і рэспубліканскія сходы. Менавіта ім мы і кіраваліся. І калі што парушылі, то гатовыя несці адказнасць. Але ж суддзя Іна Грабоўская цвердзіць, што мы парушалі закон аб масавых мерапрыемствах, нібыта правёўшы “народны” сход, а не “мясцовы”.

Ірыне Яскевіч прысуджаны штраф памерам 22 базавыя велічыні, або 770 тысяч рублёў. Таццяна Севярынец, з улікам таго, што прыцягваецца да адказнасці за падобнае правапарушэнне ўжо паўторна, штраф прысуджаны большы – 25 базавых велічыняў, або 875 тысяч рублёў.

Абедзьве спадарыні з пастановай суду не згодныя і збіраюцца абскардзіць яе ў Віцебскім абласным судзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства