Старшыня віцебскай арганізацыі АГП Алена Залеская атрымала ад РНЕ ліст з пагрозамі
Як стала вядома радыё ""Свабода"", Алена Залеская знайшла ліст ад РНЕ ў паштовай скрыні - аказалася, актывісты гэтай радыкальнай арганізацыі ведаюць хатні адрас старшыні віцебскай філіі Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Замест зваротнага адрасу пазначаны нумар абанэнцкай скрыні ў адным з паштовых аддзяленьняў Віцебску.
У лісьце гаворыцца, што спадарыня Залеская вы ёсьць непрымірымай барацьбіткай з уладай, якая пазытыўна ставіцца да ""Вялікай Расеі"". У лісьце гэтаксама ўтрымліваўся шэраг ацэнак у рэчышчы фашыстоўскай ідэалёгіі. Спадарыня Залеская вырашыла зьвярнуцца ў міліцыю, КДБ і пракуратуру, каб там заняліся пошукамі сябраў расейскай радыкальнай арганізацыі.
Пры канцы ліста, дасланага Алене Залескай, сябры РНЕ прапануюць ёй неадкладна выйсьці з апазыцыі. А таксама далучыцца, як напісана ў лісьце, ""да чыстай расейскай нацыі" - уступіць у РНЕ. ""У выпадку адмовы наступствамі будуць нашыя дзеяньні"," - такімі словамі завяршаецца ліст.
Спадарыня Залеская кажа, што гэтыя пагрозы яе не палохаюць, хаця яна ўжо сталага веку й жыве ў кватэры адна: ""Не, я не баюся, бо ўсе мэтады супраць мяне ўжо выкарыстаныя, выпрабаваныя на мне! Ну, мы пачакаем, што цяпер скажа міліцыя, што скажа КДБ. Калі яны нікога ня знойдуць, то гэта значыць, што камусьці дазволена пасылаць вось такія лісты!""
Алена Залеская сумняецца, што тых, хто ёй пагражаў ад імя РНЕ, урэшце знойдуць: супрацоўнікі міліцыі ўжо тры гады беспасьпяхова шукаюць кіроўцу, які наехаў на яе ў самым цэнтры Віцебску. Таксама ня могуць знайсьці й злачынцаў, што летась абрабавалі кватэру Алены Залескай, забраўшы з усяе маёмасьці толькі фотаапарат ды кампутар, дзе захоўваліся дакумэнты Аб'яднанай грамадзянскай партыі.