viasna on patreon

Выступ Радаслава Сікорскага падчас уручэньня ўзнагароды Алесю Бяляцкаму

2011 2011-12-13T14:12:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/warshava-12.12.11b.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Узнагароду Pro Dignitate Humana, якая сёлета ўручаецца ўпершыню, міністр замежных справаў Польшчы 12 сьнежня перадаў палітвязьню праз яго жонку Натальлю Пінчук.

Шаноўная Спадарыня Натальля,

Шаноўныя Госьці,

Зьбігнеў Гэрбэрт напісаў:

„…На гэта непатрэбны быў вялікі характар
наша адмова, нязгода й упартасьць
у нас было крыху неабходнай адвагі…”

Словы паэта “Салідарнасьці” ськіроўваюць да чалавека адважнага, нязломнага, шляхэтнага, абаронцы правоў чалавека, які любіць беларускую мову – Алеся Бяляцкага.

Вернага грамадзяніна Беларусі.

Той Беларусі, якая абавязалася прытрымлівацца пастановаў Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека Аб’яднаных Нацый і Парыскай Хартыі АБСЭ.

Бяляцкі зьдзейсьніў найзвычайнейшы ў сьвеце ўчынак, хаця ў беларускіх умовах – незвычайны: сказаў уладзе – правяраю!

І што аказалася?

Звонку рэжым дэкляруе пашану панадчасовых, унівэрсальных каштоўнасьцяў, каб на практыцы змагацца зь імі на кожным кроку.

Бяляцкі ня страціў надзеі. Заснаваў Цэнтр абароны правоў чалавека "Вясна", каб мірным шляхам пачаць змаганьне за грамадзянскія правы.

Разам зь іншымі дзеячамі ачоліў Міжнародную фэдэрацыю правоў чалавека.

За тое, што праявіў адвагу, сільны дух і сумленьне, сустрэў яго перасьлед з боку пазбаўленай дэмакратычнай і маральнай легітымнасьці ўлады.

Ягоная грамадзская актыўнасьць на тэрыторыі Беларусі стала немагчымай, таму што ўлада дэлегалізавала Цэнтр "Вясна".

Сёньня ён ня можа асабіста прыняць узнагароду, якая ўручаецца абаронцам правоў чалавека, таму што зьняволены на 4,5 гады карнай калёніі ўзмоцненага рэжыму – асуджаны ў палітычным, паказным працэсе.

Я вельмі балюча адчуваю ягоную адсутнасьць у гэтай залі.

Працэс і прысуд Алеся Бяляцкага выклікаў міжнароднае абурэньне й пратэсты прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, кіраўнікоў дзяржаваў, прадстаўнікоў арганізацый, абараняючых правы чалавека.

Я сёньня чарговы раз заклікаю: „Спадар Лукашэнка – свабоду палітвязьням”!

Дзейнасьць Алеся Бяляцкага ўжо шмат разоў ацэньвалася.

Ён зьяўляецца ляўрэатам чэскай узнагароды Homo Homini, ганаровым грамадзянінам Генуі. Быў двойчы намінаваны на Нобэлеўскую прэмію міру.

Хацелася б, каб уручаная новая ўзнагарода Pro Dignitate Humana сталася чарговым істотным доказам прызнаньня для постаці Алеся Бяляцкага.

Хацелася б, каб была яна сымбалем салідарнасьці Польшчы й сьвету са справядлівым чалавекам наперакор нягоднасьці.

Я памятаю сказаныя Алесем словы: “Наша краіна можа пайсьці па шляху дэмакратычных пераўтварэньняў і далучыцца да сям’і цывілізаваных эўрапейскіх народаў, альбо скаціцца ў стан глыбокай галечы й доўгага крызысу”.

Сёньня, напярэдадні 30-й гадавіны ўвядзеньня ваеннага становішча, калі нам, палякам, здавалася, што ўсялякая надзея ўжо страчаная, я гавару з перакананьнем, вынікаючым з досьведу, што зьмена магчымая.

Беларусы праявілі сваю волю год таму на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Польшча, якая старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе, безупынна падтрымлівае імкненьне беларускага народу да дэмакратыі.

Я веру, што гераізм Алеся Бяляцкага ня будзе дарэмным і ўрэшце ў Беларусь прыйдзе “Вясна”!

Спадарыня Натальля, прыміце гэтую ўзнагароду ад імя Вашага Мужа”.

Паводле Polskie Radio

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства