Радыё Свабода наведала сям'ю палітвязьня Анатоля Лябедзькі
На акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі 16 ліпеня Анатоль Лябедзька пайшоў разам з сынам Арцёмам. Праз паўгадзіны пасьля выхаду з дому ён ужо быў за кратамі ў турме на вуліцы Акрэсьціна. Лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі арыштавалі каля амбасады Расеі, дзе праходзіў пікет. Байцы спэцназу заявілі, што спадар Лябедзька нецэнзурна лаяўся. Судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Аляксей Бычко пакараў лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі дзесяцьцю суткамі зьняволеньня. Анатолеў сын Арцём і жонка Сьвятлана перакананыя, што гэта не апошняе зьняволеньне бацькі й мужа.
Дамовіцца пра сустрэчу ў доме Лябедзькаў удалося не адразу: Сьвятлана вазіла ў турму перадачу для мужа. Але вось гаспадыня адчыняе дзьверы, адразу прапаноўвае кавы й прабачаецца: з мэблі ў пакоі толькі канапа, бо ў кватэры рамонт.
(Сьвятлана: ) "Мы пачалі з ваннага, бо ў нас гады два кафля на галаву сыпалася. І вось больш за месяц калупаемся. Але гэта не праблема, спраўлюся і безь яго. Калі ўвечары сяду перад тэлевізарам, думаю: ну вось, я тут на крэсьле мяккім сяджу, а ён дзесьці там на голых дошках. Я гляджу ў акно, а ён праз краты - вось гэта мне балюча, бо разумею, што яму цяпер цяжка. А ўсё астатняе ўвогуле не праблема".
Сям'я Лябедзькаў жыве ў звычайнай трохпакаёвай кватэры ў адным з шараговых шматпавярховікаў жылога мікрараёну "Вясьнянка". Анатоль і Сьвятлана гаспадары тут ад 1991 году. Раней жылі ў Ашмяне, у бацькоў Сьвятланы. Там 29-гадовы Анатоль і пачаў займацца палітыкай.
(Сьвятлана: ) "Ён тады ўпершыню быў абраны ў Вярхоўны Савет. А мама ў мяне ўсё жыцьцё была ў камуністычнай партыі й была зацятая прыхільніца камуністаў. І ў іх, мамы й Анатоля, такія распачыналіся спрэчкі, Божа ж мой! Здавалася, сьцены раскідаюцца. Ну, а з часам мама стала сябрам АГП - і цяпер яна абсалютная ягоная прыхільніца. І кажа, ну як я магла? Я ж была ўжо сталая жанчына, як я магла ўсяго гэтага ня бачыць і не разумець?"
Палітычную дзейнасьць мужа цалкам падтрымлівае й сама Сьвятлана, інакш супольнае жыцьцё было б немагчымае, кажа яна. Жонка палітыка нават ня можа згадаць, колькі разоў ужо арыштоўвалі спадара Анатоля. Памятае толькі моцнае душэўнае ўзрушэньне падчас першага зьняволеньня напярэдадні ейнага дня народзінаў у 1997 годзе. Цяпер жа самым цяжкім Сьвятлана Лябедзька называе іншае:
(Сьвятлана: ) "Самы жудасны для мяне момант быў, калі пасьля выбараў аднойчы ён выйшаў з хаты й зьнік. Тэлефон адключаны, і цягам дня пра яго нічога не вядома. Бліжэй да ночы мы пачалі тэлефанаваць у РУУСы. Усе разводзяць рукамі - у нас яго няма. Датэлефанавалася да КДБ - там таксама. А напачатку дванаццатай ночы званок у дзьверы: стаіць наш Анатоль, на руках сьляды ад кайданкаў. Вось гэта ўсё жудасна. Увогуле ў нашай гэтай сыстэме мяне больш за ўсё абурае тое, што нашая міліцыя ўвогуле не гаворыць праўды. Не павінна так быць, не павінныя нашыя людзі ўсё гэта цярпець".
І ўсё ж адсутнасьць мужа адчуваецца кожную хвіліну праз парушаныя сямейныя звычкі й лад жыцьця, кажа Сьвятлана.
(Сьвятлана: ) "Мы вельмі любім на падлозе раскласьціся перад тэлевізарам і вячэраць. Пасьля гэта ўсё трэба прыбіраць, але цяпер мне гэтага не хапае. Бо вечарам я адчуваю, што нешта ня тое, што яго няма".
Сьвятлана Лябедзька працуе выкладчыцай ангельскай мовы ў адной зь менскіх школаў. Кажа, што палітычная актыўнасьць мужа на яе прафэсійнае жыцьцё не ўплывае. Але калі сям'я перажывае маральныя ці матэрыяльныя цяжкасьці, то бацькі й сябры - надзейная апора й падтрымка."
(Сьвятлана: ) "Блізкія сваякі адназначна падтрымліваюць. Сябры таксама. Мы, пэўна, дастаткова шчасьлівыя людзі, бо за ўвесь гэты час мы ня страцілі сваіх сяброў, не зважаючы на ўсе акалічнасьці нашага жыцьця. Заўсёды, заўсёды мы адчувалі гэтую падтрымку. І вялікага расчараваньня ў людзях у мяне няма."
Сьвятлана й Анатоль Лябедзькі пазнаёміліся на першым курсе гістарычна-замежнага факультэту колішняга пэдістытуту. У верасьні споўніцца 22 гады, як яны разам. Спадарыня Сьвятлана кажа, што ў жыцьці мужа два галоўныя захапленьні - палітыка й футбол.
(Сьвятлана: ) "Футбол - гэта сьвятое. Дзе ён - там футбол. Кожную суботу ён падымаецца а сёмай раніцы альбо раней, бо а дзявятай у яго футбол. Калі быў гэты чэмпіянат сьвету, то напрыканцы і я ўжо распачала глядзець, бо падзецца не было куды."
Захапленьне футболам перадалося й сыну Лябедзькаў Арцёму.
(Арцём: ) "Гадоў пяць таму я браў здымкі вядомых футбалістаў, адсылаў у клюбы й прасіў паставіць аўтограф. І празь месяц ці два яны дасылалі мне аўтографы."
Арцёму Лябедзьку 20 гадоў. Сёлета ён скончыў трэці курс факультэту міжнародных дачыненьняў Белдзяржунівэрсытэту. Кажа, што хоць і не захапляецца палітыкай, але дзейнасьць свайго бацькі й ягоную жыцьцёвую пазыцыю вельмі паважае.
(Арцём: ) "Калі ў яго была магчымасьць ў 1996 годзе перайсьці зь Вярхоўнага Савету ў Палату прадстаўнікоў, то ён не зрабіў гэтага, бо заўсёды трымаўся сваёй думкі. І цяпер ён не адыходзіць ад сваіх поглядаў, не зважаючы на зьбіцьцё, зьняволеньне й перасьлед. І гэта вельмі важна."
За пасьлядоўнасьць у справе змаганьня за дэмакратыю й свабоду паважае Анатоля Лябедзьку й спадарыня Сьвятлана. На пытаньне: ці не баіцца за мужа, яна адказвае:
(Сьвятлана: ) "Я вельмі баюся. Але разумею, што павярнуць назад - гэта значыць, зрадзіць людзям, якія за ім стаяць, і тым, з кім гэтак абышліся нашыя ўлады. Той жа Ганчар, Захаранка, Карпенка - яны свае жыцьці аддалі за тое, каб нешта зьмянілася. І хтосьці павінен ісьці далей. А ўвесь час яму нагадваць пра гэта, ну я не лічу, што павінна гэта рабіць."
Спадарыня Сьвятлана кажа, што ня ведае, ці верыць снам, але прарочыя сны ўсё ж здараліся. Пра адзін з такіх Сьвятлана Лябедзька кажа, што яшчэ чакае й спадзяецца, каб ён збыўся.
(Сьвятлана: ) "Лезла я ўгару, мы лезьлі ўдвух. Далезьлі да паловы, і я кажу, што больш не магу, не стае сілаў. А ён кажа: не, мы дойдзем да канца. Узяў мяне за руку й падняў на гэтую гару. Стаім мы на вяршыні, а над намі блакітнае-блакітнае неба й яркае-яркае сонца. Ня ведаю, ці залезем мы на гэтую гару, але вельмі хочацца ў гэта верыць."