Фінскія праваабаронцы дбаюць пра лёс Алеся Бяляцкага і “Вясны”
13 снежня Фінская Ліга Правоў Чалавека наведала амбасаду Літвы ў Хельсінкі, каб перадаць пісьмовы зварот па справе Алеся Бяляцкага і сітуацыі ў Беларусі.
Амбасадар Літвы, сп. Арунас Жыевалтас, цёпла сустрэў дэлегацыю і паабяцаў неадкладна звязацца з Вільняй і паведаміць пра зварот. Генеральны сакратар ФЛПЧ спн. Крысціна Курос таксама паведаміла амбасадару пра жахлівае становішча, у якім апынуліся пасля судовага працэсу праваабаронцы, асабліва сябры “Вясны”. Амбасадар запэўніў, што Літва зацікаўленая ў назіранні за гэтай справай і звароце да беларускіх уладаў у інтарэсах Алеся Бяляцкага.
Праваабаронцы таксама прасілі сустрэчы з амбасадай Расійскай Федэрацыі ў Хельсінкі, але адказу не атрымалі. У выніку зварот быў пакінуты ў паштовай скрыні амбасады. Трэці зварот быў накіраваны ў амбасаду Польшчы ў Фінляндыі.
Паколькі ў Фінляндыі няма дыпламатычнага прадстаўніцтва Беларусі, звароты былі перададзеныя з мэтай папрасіць тры ўзгаданыя краіны зрабіць усё магчымае дзеля вызвалення Алеся Бяляцкага. Такім чынам фінскія правабаронцы выказалі сваю салідарнасць з Алесем Бяляцкім і сябрамі Праваабарончага цэнтра “Вясна”.