Жыхары Коханава адстойваюць Інтэрнэт
Грамадскасць пасёлка Коханава дружна ўстала на абарону Пункта калектыўнага карыстання Інтэрнэтам, аб намеры зачыніць які паведаміў Белтэлекам.
Пасля калектыўнага пратэсту коханаўцаў, пра які мы ўжо паведамлялі, у пасёлку адбылася сустрэча з жыхарамі, на якой сувязістам прыйшлося апраўдвацца, нібыта ПКК з'яўляецца стратным, некалькі такіх пунктаў у вобласці ўжо закрытая, у тым ліку і на Віцебскім чыгуначным вакзале.
Аднак гэтыя аргументы жыхароў не пераканалі. Яны даводзілі, што згодна з стандартным палажэннем аб аграгарадках, у іх павінна прысутнічаць кропка доступу ў Інтэрнэт. Коханава статус аграгарадка мае.
У такой сітуацыі мясцовыя ўлады былі вымушаныя ўстаць на бок жыхароў. Старшыня Коханоўскага пассавета Мікалай Барышоў заявіў прысутным, што згоды на ліквідацыю пункта Інтэрнэт яны не даюць. Белтэлекаму неабходна адшукаць магчымасць захаваць гэты ПКК.