Прывід Тантон-Макута
Калісьці даўно, у 1986 годзе, калі я вучыўся ў школе, на ўроках палітінфармацыі нам распавядалі страшныя гісторыі аб звергнутым рэжыме гаіцянскага дыктатара Дзювалье. Асабліва мяне ўразілі аповяды пра спецыяльную службу дыктатара – тантон-макутаў. Тантон-макуты былі адмыслова створаныя дыктатарам для застрашэння насельніцтва Гаіці, барацьбы з іншадумцамі. Яны выкрадалі людзей, забівалі іх, выстаўляючы забітыя целы на паказ. Назва гэтай спецслужбы паходзіла са старой крэольскай казкі пра дзядулю Тантона, які, паводле падання, выкрадаў дзяцей, запіхваў іх у вялікі мех і потым жэр ...
Гісторыя выкраданняў актывістаў і лідэраў апазіцыі ў Беларусі мае ўжо даволі працяглую і сумную гісторыю. З 1999 года нічога так і не стала вядома аб лёсе зніклых лідэраў апазіцыі Ю. Захаранкі, В. Ганчара, бізнэсоўцы Красоўскага і тэле-апэратара канала ОРТ Дзмітрыя Завадкага. Следства так і не дало адказу на пытанне, што адбылося з гэтымі людзьмі, вінаватыя ў іх знікненні не знойдзены і не прыцягнутыя да адказнасці дагэтуль. Між тым, у беларускай грамадзянскай супольнасці і міжнародных арганізацыяў дастатова падставаў меркаваць, што ў дадзеных выпадках мы маем справу з арганізаваным выкраданнем і магчымымі пазасудовымі расправамі, здзейсненымі па палітычных матывах. Прычым падазранні ў здзяйсненні гэтых асабліва цяжкіх злачынстваў кідаюць цень на шэраг высокапастаўленых на момант здзяйснення злачынстваў службовых асоб Беларусі – Віктара Шэймана, Уладзіміра Навумава, Дзмітрыя Паўлючэнку, Юрыя Сівакова.
Дарэчы, як стала вядома зараз, не апошнюю ролю ў раскрыцці і пошуках магчымых злачынцаў па гэтых гучных крымінальных справах грала тагачаснае кіраўніцтва КГБ.
Шмат часу прайшло з 2001 года, года калі грамадству сталі вядомыя некаторыя дакументы і шакуючыя падрабязнасці па справах знікненняў апазіцыйных лідэраў і журналіста. І вось праз восем год захопы і выкраданні невядомымі ў цывільным актывістаў апазіцыйных рухаў паўтарыліся ізноў. Камусьці зноўку захацелася пагуляцца ў выкраданні, у імітацыю забойстваў у лесе...
Характэрным для ўсіх гэтых выпадкаў было тое, што затрыманні маладых людзей (у асноўным гэта былі актывісты Маладога фронту і іншых моладзевых арганізацый) ажыцяўлялася некалькімі асобамі ў цывільным на вуліцы, часта каля непасрэднага месца жыхарства. Затрыманых з выкарыстаннем фізічнай сілы запіхвалі ў машыну, нацягвалі на вочы шапку, пры гэытм большасць моладзевых аткывістаў падвердзілі, што чулі, як ў выкрадальнікаў час ад часу спрацоўвала рацыя. У шэрагу выпадкаў невядомыя давалі зразумець, што выкараднне звязана з грамадска-палітычнай дзейнасцю маладых людзей. Невядомыя вывозілі маладых актывістаў па-за межы Менску, заводзілі ў лес –усе гэтыя дзеянні насілі паказальна запалохваючы характар з мэтай аказання моцнага псіхалагічнага ціску.
Так, 25 сакавіка 2009 г., напярэдадні традыцыйнай акцыі апазіцыі на Дзень Волі, актывісты “Маладога фронту” Наста Палажанка і Дзяніс Карноў былі схопленыя каля станцыі метро “Каменная горка” у Менску невядомымі асобамі ў цывільным і вывезеныя за горад. Пры гэтым Д. Карнова збівалі, парэзалі ягоныя джынсы і забралі грошы. Пасля гэтага інцыдэнту па заявах пацярпелых ўзбуджаныя крымінальныя справы, аднак злачынцаў міліцыя не знайшла. Пры гэтым Наста Палажанка і Дзяніс Карноў па фотаграфіі апазналі чалавека, які кіраваў іх выкараданнем – як высветлілася гэта быў Аляксандр Лявоненка, супрацоўнік спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарарызмам МУС Рэспублікі Беларусь “Алмаз”.
27 лістапада 2009 г, напярэдадні акцыі, прысвечанай гадавіне Слуцкага узброенага паўстання, актывіста грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Уладзіміра Лемеша схапілі невядомыя ў цэнтры Менску, апранулі кайданкі, на галаву нацягнулі шапку, каб ён не бачыў дарогі, і на аўтамабілі без нумарных знакаў вывезлі за горад. У маладога чалавека адабралі пашпарт і мабільныя тэлефоны, бел-чырвона-белы сцяг, партрэты кіраўнікоў Слуцкага паўстання. Дзесьці за 25 кіламетраў ад Слуцка актывіста выкінулі ў лесе.
5 снежня 2009 г. на лідэра Маладога фронту Зміцера Дашкевіча каля ягонай кватэры напалі двое невядомых ў цывільным і зацягнулі ў аўтобус. На вочы яму нацягнулі дзве шапкі, і вывезлі ў лес. Там, праз рукавы паліто З. Дашкевіча, невядомыя працягнулі драўляную жардзіну, каб пэўны час Зміцер не мог рухацца. Пазней высветлілася, што З. Дашкевіч быў вывезены на адлегласць каля 70 км. ад сталіцы.
6 снежня 2009 г. актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейскай Беларусь” Яўген Афнагель быў схоплены асобамі ў цывільным на вул. Бялінскага ў Менску. Яго пасадзілі ў машыну, загадалі нахіліць галаву да каленяў і так каля 20 хвілін вазілі па горадзе, а затым павезлі у бок Барысаўскай трасы, дзе яго выкінулі з машыны, забраўшы папярэдне мабільны тэлефон.
Нягледзячы на тое, што маладыя людзі звярталіся з заявамі аб узбуджэнні крымінальных спраў па дадзеных фактах, злачынцы не былі ўстаноўленыя, ніхто не быў прыцягнуты да ўстаноўленай законам адказнасці ... Прычына гэтага вельмі простая. Усе гэтыя выкараданні, збіцці і здзекі былі арганізаваныя самой уладай і здзейнсеныя рукамі шматлік спецслужбаў.
Трэба адзначыць, што дзейнасць спецслужбаў у Беларусі даўно з’яўляецца цалкам закрытай для грамадскага кантролю. Ніякіх дзяржаўных органаў улады, якія б маглі эфектыўна ажыцяўляць нагляд за іх дзейнасцю таксама няма. Пракуратуру такім органам лічыць нельга, паколькі яна такой ужо даўно не з’яўляецца.
Пасля 19-га снежня 2011 г. сітуацыя пагоршылся яшчэ больш: катаванні ў СІЗА КГБ, нахабная, у парушэнне нормаў КПК і Канстытуцыі краіны забарона наведваць адвакатамі сваіх падабаронных, запалохванні і ціск на апанетаў дзеючага рэжыму набылі небывалыя памеры і формы.
Апошнія падзеі, якія адбываюцца з палітычнымі вязнямі А. Саннікавым, М. Статкевічам, З. Дашкевічам, М. Аўтуховічам сведчаць, што ў сваіх метадах спецслужбы гатовыя перайсці любыя межы, у тым ліку маральныя.
Гісторыя з дзяўчатамі з руху ФЕМЕН яскрава сведчыць, што камусьці зноўку карціць паўтарыць “подзвігі” 1999 года. Уладзе ў чарговы раз захацелася забіваць сваіх апанентаў і самае страшнае, што ўжо ёсць людзі, гатовыя выканаць такі бесчалавечны загад. Дзядуля Тантон зноўку ходзіць па падворках Беларусі ў пошуках чарговай ахвяры. Гэтай ахвярай можа стаць кожны з нас.
Валянцін Стэфановіч