У Слоніме з кранаў цячэ брудная вада (фота)
Некалькі дзён перад Новым годам і ў першыя дні 2012 года з кранаў жыхароў Слоніма цякла брудная вада. Гараджане гадзінамі прастойвалі ў чарзе па чыстую ваду каля крыніцы, якая працякае на праспекце Незалежнасці, а таксама ездзілі па ваду ў Жыровічы, Кракотку і ў іншыя вёскі, дзе цячэ крынічная вада. А хто багацейшы — пітную чыстую ваду прыходзілася купляць у крамах.
І гэта здараецца не толькі перад Новым годам, а на працягу многіх гадоў амаль пастаянна. Слонімцы не могуць зразумець: за што яны плоцяць грошы? Людзі тэлефануюць у мясцовы водаканал, у ЖКГ, але там ім ніхто не можа канкрэтна растлумачыць — чаму яны плоцяць немалыя грошы за ваду, але карыстацца ёю не могуць, бо яна вельмі брудная цячэ з кранаў у самых вялікіх мікрараёнах горада. Нават паэтычныя радкі прыдумалі на гэты конт: “калі бруд цячэ і калій — вінаваты з “вертыкалі””.